За прыватызацыю кватэры мінчукам прапануюць заплаціць 1 мільярд рублёў
У Мінску жыхарам дома па адрасе вуліца Слабадская, 43, размешчаным побач з МКАД у мікрараёне Малінаўка, за прыватызацыю кватэр плошчай 100 квадратных метраў прапанавалі заплаціць 1 мільярд рублёў (101 тысячу долараў).
Фота: "Комсомольская правда в Белоруссии"
Хоць пасля скаргаў у розныя інстанцыі суму і знізілі да 800 млн рублёў (80,9 тыс. даляраў), яна для жыхароў застаецца непад'ёмнай, заяўляюць яны.
Будаваць дом пачалі ў 1991 годзе па новым эксперыментальным праекце на аснове зборна-маналітнага каркаса, які зараз выкарыстоўваецца ў будаўніцтве. Дом быў першым, які быў пабудаваны па такой тэхналогіі, перадае "Камсамольская праўда ў Беларусі".
Будавалі дом сем гадоў і здалі з многімі недаробкамі. Склеп дома рэгулярна затапляе, а сцены з гіпсакардону ствараюць вялікую чутнасць.
Першапачаткова сюды хацелі засяліць творчую інтэлігенцыю, у сувязі з чым былі прадугледжаны выхады на першым паверсе ў абодва бакі, а кватэры на чацвёртым паверсе былі зробленыя двух'яруснымі, з мансардай. Таксама ў кожнай кватэры ёсць па два санвузлы. Аднак, урэшце, у дом засялялі льготнікаў: дзве сям'і ваенных, шматдзетная сям'і, супрацоўнікі дзіцячага садка і людзі, якія перахварэлі на сухоты. У абмен на гэта яны аддалі дзяржаве свае кватэры.
Ва ўпраўленні жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама прызналі, што кошт прыватызацыі кватэр у доме можа быць завышаны. "Але мы падлічылі кошт па тых дакументах, якія нам перадалі ў ЖРЭА. Мабыць, гэта самы дарагі дом у плане прыватызацыі. Але там толькі адна кватэра, якая ацэненая ў 1 мільярда рублёў. І льгот тут не прадугледжана", — заявілі чыноўнікі.
У Дзяржкамітэце па стандартызацыі жыхарам дома патлумачылі, што ў каштарыс праекту былі ўключаныя кошт праектавання і вырабу адмысловага абсталявання, назіранне і розныя замеры, распрацоўка праекту па вытворчасці работ, што не ўключаецца ў каштарыс пры будаўніцтве звычайнага дома. У доме на Слабадской яны занялі каля 20% ад усяго кошту будоўлі.