Мясніковіч — пра крыптавалюты і тэхналогію блакчэйн: Я ў гэта веру

Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч заявіў, што лічыць ІТ-краіну магутным нацыянальным праектам. Такім чынам ён пракаментаваў дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі "Аб развіцці лічбавай эканомікі".

miasnik_2512.jpg


"Мы яшчэ нават не можам меркаваць, наколькі гэта будзе сур'ёзна і запатрабавана і як гэта ацаніць у грошах. Але я лічу, што за гэтым будучыня", — заявіў палітык у інтэрв'ю праграме "Галоўны эфір", якое выйшла на тэлеканале "Беларусь 1" увечары 24 снежня.
Калі ў Мясніковіча запыталіся пра яго стаўленне да крыптавалют і тэхналогіі блакчэйн, ён адказаў: "Я ў гэта веру". Старшыня Савета Рэспублікі прызнаўся, што сочыць за курсам біткоіна — самай вядомай і папулярнай крыптавалюты.
Мясніковіч бачыць вялікія перспектывы за крыптавалютнымі біржамі і фондамі. На яго думку, якую перадае tut.by, грамадства стамілася "ад валютнай закантраляванасьці, ад таго, што на валютны рынак моцна ўплывае палітыка".
Палітык заклікаў не палохаць людзей новымі тэхналогіямі і будучымі скарачэннямі на рынку працы. Па яго словах, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі — гэта ўжо не проста тэхналогіі, а асяроддзе, у якім існуе і прамысловасць, і побыт.
euroradio.fm