МЗС: большасць краін рабочай групы за далучэнне Беларусі да СГА
У Жэневе 13–17 траўня прайшоў раўнд перамоваў па далучэнні Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. У рамках раўнду беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам кіраўніка МЗС Аляксандрам Гур'янавым правяла двухбаковыя перамовы.
Былі праведзеныя кансультацыі па пытаннях доступу на рынак тавараў і паслуг з такімі краінамі-сябрамі СГА, як Малайзія,Рэспубліка Карэя, Швейцарыя, Японія, Бразілія, Сальвадор, Эквадор, Шры-Ланка.
Як паведамілі ў беларускім МЗС, бакі дамовіліся адносна плану сумесных дзеянняў па завяршэнні двухбаковых перамоў.
Ключавым мерапрыемствам раўнду стала пасяджэнне 16 траўня ў фармаце кансультацый старшыні Рабочай групы СГА па далучэнні Беларусі Селіма Кунералпа,
на якім бакі разгледзелі бягучы стан перамоваў па далучэнні Беларусі да СГА. У рамках абмеркавання дэлегацыі Расіі, Кітая, Індыі, Японіі, Кубы, В'етнама, Рэспублікі Карэі, Турцыі і Аўстраліі
цалкам падтрымалі далучэнне Беларусі да СГА.
Паводле звестак МЗС, вынікі раўнду паказалі, што далучэнне Беларусі да СГА падтрымлівае большасць краін-сябраў Рабочай групы. З сакратарыятам СГА ўзгодненыя дэталі працы па прасоўванні працэсу
далучэння Беларусі да арганізацыі. Гатоўнасць да далейшых перамоваў пазначана з боку дэлегацый ЕС і ЗША.