Нацбанк Беларусі скарачае выкарыстанне замежнай валюты

Нацыянальны банк з 16 верасня скароціць колькасць выпадкаў выкарыстання замежнай валюты ў разліках на тэрыторыі Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.



000013_00000083928.jpg

Спецыялісты пракаменціравалі змяненні і дапаўненні ў Правілы правядзення валютных аперацый (зацверджаны пастановай рэгулятара 30 красавіка 2004 года нумар 72), унесеныя пастановай праўлення Нацбанка нумар 515 ад 26 жніўня 2015 года. Апошні дакумент апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу з 16 верасня.


Пастанова нумар 515, у прыватнасці, выключае выкарыстанне замежнай валюты пры разліках паміж юрыдычнымі асобамі-рэзідэнтамі з удзелам рэзідэнтаў беларускіх свабодных эканамічных зон і пры выкананні разлікаў па асобных відах дагавораў страхавання.


Змяненні закранулі і фізічных асоб. Так, фірмам будзе забаронена прымаць ад насельніцтва замежную валюту для аплаты дыпламатычным (і іншым афіцыйным) прадстаўніцтвам замежных дзяржаў консульскіх і іншых збораў па афармленні выязных дакументаў фізічных асоб. "Пры гэтым захавана магчымасць прыёму замежнай валюты ад фізічных асоб непасрэдна дыпламатычнымі і іншымі афіцыйнымі прадстаўніцтвамі замежных дзяржаў", — удакладнілі ў Нацбанку.


Прадстаўнікі ўпраўлення звярнулі ўвагу, што для завяршэння выканання абавязацельстваў па дагаворах, якія былі заключаны ў замежнай валюце (і выкананне абавязацельстваў па якіх было пачата да 16 верасня 2015 года), дапускаюцца да 31 снежня гэтага года разлікі ў замежнай валюце ў парадку, які дзейнічаў на дату заключэння дагавораў. "Пры гэтым не дапускаецца заключэнне дадатковых пагадненняў да названых дагавораў, якія павялічваюць суму абавязацельстваў у замежнай валюце і тэрміны дзеяння гэтых дагавораў", — дадалі спецыялісты. У сувязі з гэтым суб'екты валютных аперацый павінны прывесці раней заключаныя дагаворы ў адпаведнасць з патрабаваннямі валютнага заканадаўства. Пісьмом рэгулятара гэта інфармацыя даведзена да банкаў.


Пастанова нумар 515 таксама вызначае, што натарыусы, якія вядуць натарыяльную дзейнасць у натарыяльных бюро, і адвакаты, якія займаюцца адвакацкай дзейнасцю індывідуальна, ажыццяўляюць валютныя аперацыі ў парадку, устаноўленым для юрыдычных асоб — рэзідэнтаў.


Для ўрэгулявання пытанняў, звязаных з разлікамі ў беларускіх рублях, выкліканых змяненнем заканадаўства аб парадку адкрыцця і дзейнасці прадстаўніцтваў замежных юрыдычных асоб, устаноўлена магчымасць адкрыцця нерэзідэнтамі рахункаў у беларускіх рублях без рэгістрацыі на тэрыторыі Беларусі сваіх прадстаўніцтваў.

belta.by