Візавыя цэнтры пачнуць прыём дакументаў не раней за 21 верасня

Хто планаваў падаваць дакументы праз візавыя цэнтры, цяпер вымушаныя звяртацца ў амбасады.



index13.jpg

Візавыя цэнтры могуць пачаць прыём дакументаў у панядзелак, 21 верасня, але сказаць адназначна пра гэта не могуць.

"Арыентуем людзей на панядзелак, але ці пачнём прыём, не ведаем. Сёння прыходзяць людзі за гатовымі дакументамі”, — заявілі ў офісе візавых цэнтраў Літвы, Іспаніі, Даніі і Грэцыі ў Мінску на вуліцы Чыгуначнай, 33.

Тыя ж, хто збіраўся падаваць дакументы праз візавыя цэнтры, цяпер вымушаныя звяртацца ў амбасады. У сувязі з гэтым, напрыклад, у консульстве Літвы павялічылі магчымасці разгляду хадайніцтваў удвая. Там адзначылі, што як толькі іх візавы цэнтар перабудуе працу і пачне прымаць консульскі збор у рублях, а не ў еўра, яны запрацуюць паўнавартасна. Пры гэтым пасольства будзе прымаць збор ў пасярэдніка толькі ў еўра, паведамляе tut.by.

Цяпер прадстаўнікі візавых цэнтраў кансультуюцца з Нацбанкам і іншымі інстанцыямі аб тым, якія ёсьць варыянты, каб пераводзіць збор у амбасады.

Між тым начальнік галоўнага ўпраўлення валютнага рэгулявання і валютнага кантролю Нацбанку Анатоль Мароз заявіў, што заканадаўства Беларусі не мае абмежаванняў для візавых цэнтраў па куплі замежнай валюты для выканання сваіх абавязальніцтваў перад пасольствамі, а значыць, аб'ектыўных перашкодаў для паўнавартаснай працы візавых цэнтраў няма.

Прадстаўнік Нацбанку адзначыў, што беларускі рубель абавязковы да прыёму на ўсёй тэрыторыі Беларусі. З ягоных слоў, калі б візавыя цэнтры і раней прадугледжвалі магчымасьць аплаты за візы як у замежнай валюце, так і ў рублях, то ніякіх складанасцяў з пераходам да новых правілаў працы ні ў каго не ўзнікла б.

Нагадаем, ва ўсёй Беларусі візавыя цэнтры прыпынілі працу і перасталі прымаць дакументы ад кліентаў праз забарону на прыём замежнай валюты за консульскія зборы. Гэтае новаўвядзенне было прынятае з пастановы Нацыянальнага банка і ўвайшло ў законную сілу 16 верасня.