Усе візавыя цэнтры аднавілі працу

Візавыя цэнтры ў Беларусі 18 верасня аднавілі працу, паведамілі БелаПАН у візавым цэнтры Літвы ў Мінску.



viza_centr.jpg

"З сённяшняга дня візавыя цэнтры аднавілі працу. Ужо можна падаваць дакументы, запісваць заяўнікаў, найбліжэйшая дата падачы дакументаў у панядзелак, — сказала прадстаўніца візавага цэнтра. — Сёння прымаюць дакументы ад заяўнікаў, якія былі запісаны на ўчора, і на сёння, і на пазаўчора. Калі вы яшчэ не запісаныя, то можна запісацца на панядзелак, гэта найбліжэйшая дата".
Паводле яе слоў, зараз консульскі збор будзе аплачвацца ў беларускіх рублях. "Консульскі збор аплачваецца ў беларускіх рублях па курсе, узгодненым дадаткова ў дзень аплаты, то бок па курсе банка, які абслугоўвае, — сказала суразмоўца агенцтва. — Вы аплачваеце ўсё ў беларускіх рублях, а ўжо пасольства з візавым цэнтрам будуць узгадняць гэтае пытанне".
Супрацоўніца цэнтра ўдакладніла, што працу аднавілі ўсе візавыя цэнтры — літоўскі, іспанскі, дацкі, грэчаскі, харвацкі і венгерскі.
Нагадаем, візавыя цэнтры прыпынілі працу 16 верасня ў сувязі з набыццём моцы пастановай Нацыянальнага банка Беларусі № 515, якая скарачае пералік аперацый з выкарыстаннем замежнай валюты.
Пастанова Нацбанка № 515 была прынятая 26 жніўня "з мэтай скарачэння выпадкаў выкарыстання замежнай валюты ў разліках на тэрыторыі Беларусі". Змены закранулі і разлікі ў замежнай валюце з удзелам фізічных асоб. У прыватнасці, не дапускаецца выкарыстанне замежнай валюты пры прыёме юрыдычнымі асобамі ад фізічных асоб замежнай валюты для аплаты дыпламатычным і іншымі афіцыйным прадстаўніцтвам замежных дзяржаў консульскіх і іншых збораў па афармленні дакументаў гэтых фізічных асоб. Пры гэтым захаваная магчымасць прыёму замежнай валюты ад фізічных асоб непасрэдна дыпламатычнымі і іншымі афіцыйнымі прадстаўніцтвамі замежных дзяржаў.