Нацбанк: Ценявая эканоміка ў Беларусі складае каля 35% ВУП
Пра гэта заявіла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення развіцця лічбавых банкаўскіх тэхналогій Нацбанка, доктар эканамічных навук Людміла Стэфановіч, выступаючы 27 мая на міжнароднай практычнай канферэнцыі ў Мінску «Інавацыі. Банкі».
Яна адзначыла, што ўрад і Нацыянальны банк у апошнія гады прымалі рашэнні, накіраваныя на развіццё безнаяўных плацяжоў. «Не ўсе гандляры хочуць пераходзіць на безнаяўныя разлікі, яны зацікаўлены працаваць з наяўнымі грашыма», — сказала Стэфановіч.
У сувязі з гэтым «прыходзіцца адміністрацыйным шляхам насаджваць тую пазіцыю, якую праводзіць урад і Нацыянальны банк».
«Чаму гэта робіцца? Пераход на безнаяўныя плацяжы прыводзіць да змены долі ценявой эканомікі. У Беларусі доля ценявой эканомікі вельмі вялікая. Паводле навуковых даследаванняў, гэтая доля складае каля 35% валавога ўнутранага прадукту», — адзначыла прадстаўнік Нацбанка.
Каб вярнуць частку грашовага абароту ў безнаяўны абарот, прымаюцца меры, якія стымулююць працэс ўстаноўкі плацежных тэрміналаў, падкрэсліла Стэфановіч. Паводле яе слоў, да 1 ліпеня 2017 года разам з касавым апаратам павінен стаяць плацежны тэрмінал.