Нацбанк марыць у 2016-м годзе знізіць інфляцыю да 9%

Нацыянальны банк плануе знізіць базавую інфляцыю да 9% у наступным годзе, паведаміў на апошнім пашыраным пасяджэнні праўлення начальнік Галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Калечыц.



inf.jpg

«Сярэднетэрміновым мэтавым арыенцірам інфляцыі для Нацыянальнага банка з'яўляецца выхад на адназначную велічыню. У 2016 годзе Нацбанк плануе знізіць базавую інфляцыю да 9%», — адзначыў Дзмітрый Калечыц, выступ якога на пашыраным пасяджэнні праўлення апублікаваны ў апошнім нумары «Банкаўскага весніка», які выдаецца Нацбанкам.

Базавая інфляцыя разлічваецца без уліку змены коштаў на тавары і паслугі, якія рэгулюе дзяржава. Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, у студзені-красавіку 2015 года базавая інфляцыя склала 4,4%.

У той жа час індэкс спажывецкіх цэн, які адлюстроўвае змяненне ўсіх коштаў (у тым ліку рэгуляваных дзяржавай), склаў у студзені-красавіку 5,9%.

Нагадаем, афіцыйны прагноз па інфляцыі на 2015 год першапачаткова прадугледжваў яе зніжэнне да 12%. Разам з тым пасля дэвальвацыі беларускага рубля, якая адбылася на мяжы 2014-2015 гадоў, Нацбанк скарэктаваў прагноз па інфляцыі да 18% (плюс/мінус 2%).

Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур, адказваючы ў маі на пытанні журналістаў, заявіў, што дадзеныя за студзень-красавік дазваляюць разлічваць на выкананне прагнозу па інфляцыі па ніжняй мяжы (16%).

«Калі цяперашнія макраэканамічныя ўмовы захаваюцца, мы ў стане забяспечыць тэмпы росту коштаў па ніжняй мяжы. Калі макраэканамічныя ўмовы (у прыватнасці, у Расіі) будуць лепш, інфляцыя можа быць ніжэй 16%», — паведаміў Павел Калаур.

Naviny.by