Наперадзе чарговая нафтагазавая

Расія, спрабуючы завязаць пытанне паставак нафты на чарговыя патрабаванні, проста стварае перадумовы для новай нафтагазавай спрэчкі ці «нафтагазавай вайны».

photo24.jpg

На тыдні з Расіі прыйшла вельмі цікавая навіна. Як паведаміла выданню «Коммерсантъ» крыніца, на гэтым тыдні ўпраўленне ААТ «Расійскія чыгункі» разгледзіць магчымасць зніжкі ў 25% на транзітныя перавозкі бензіну, дызпаліва і мазуту з НПЗ Беларусі ў расійскія парты Паўночнага Захаду.

Як піша расійская газета, зніжка «зробіць тарыф чыгунак РФ у гэтым кірунку супастаўным з тарыфамі на парты Вентспілса і Клайпеды», а прыцягнуты аб'ём перавозак нафтапрадуктаў забяспечыць ААТ «Расійскія чыгункі» дадатковыя даходы — каля 8 мільярдаў расійскіх рублёў у год (больш за 126 мільёнаў долараў).

Канешне, прапанова заманлівая. Перспектыву перакідкі беларускага транзіту ў Расію Лукашэнка і Пуцін абмяркоўвалі яшчэ ў 2012 годзе. Беларусі гэта было цікава, каб дыверсіфікаваць занадта шчыльную прывязку да партоў краін Балтыі, якія палітычна былі «ворагамі», бо сталі часткай Еўрасаюзу, які ціснуў санкцыямі пасля выбараў 2010-га.

Аднак эксперты адназначна сцвярджалі: эканамічна такая дыверсіфікацыя мала выгадная. Па-першае, шлях нафтапрадуктаў у расійскія парты, як правіла, даўжэйшы: выключэнне складае толькі маршрут Наваполацкі НПЗ — расійскі порт Усць-Луга. Зараз ННПЗ супрацоўнічае з эстонскім портам Муга, адлегласць да якога 852 кіламетраў. Да Усць-Лугі — 803 кіламетры. Шлях да расійскага порта атрымліваецца карацейшы, але не нашмат.

Па-другое, у расіянаў не вельмі развітая (калі не сказаць адсутнічае) адпаведная інфраструктура. Аж да таго, што тагачасны міністр камунікацый і транспарту Літвы Элігіюс Масюліс нават не пераймаўся з нагоды ідэй Лукашэнкі і Пуціна. «Інфраструктура Пецярбургскага порта і іншых партоў недастаткова развітая, і наўрад ці ў агляднай будучыні будзе гатовая да дадатковага абслугоўванні вялікага аб’ёму грузаў. Эканамічны фактар — кошт, хуткасць і якасць перавозкі грузаў — на нашым баку», — казаў ён.

Па-трэцяе, эксперты казалі, што ААТ «Расійскія чыгункі», каб перацягнуць беларускія нафтапрадукты на свой бок, павінна знізіць кошты на перавозкі не на 25%, а на 40% як мінімум, а лепш на 50%. Толькі тады Беларусі становіцца выгаднай пераарыентацыя нафтапрадуктаў з партоў краін Балтыі ў расійскія.

Але з 2012 года прайшло шмат часу. Сітуацыя змянілася. І змянілася яна не ў лепшы для расіян бок.


Фота creative commons

Фота creative commons

У красавіку 2013 года «Беларуськалій» набыў пакет акцый (30%) аднаго з аператараў тэрмінала ў Клайпедскім порце — ЗАТ «Біру крывянілі тэрміналас». Таму не дзіўныя лічбы, агучаныя паслом Беларусі ў Літве Аляксандрам Каралём у інтэрв’ю «Вячэрняму Гродна»: у 2015 годзе праз Клайпедскі порт перавалена звыш 90% агульнага аб’ёму экспарту «Беларуськалія», адпраўленага праз марскія парты, і ўвесь аб’ём экспарту ААТ «Гродна Азот».

Паміж ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія» і літоўскай АТ «Клайпедас нафта» падпісаная доўгатэрміновая дамова на перавалку мазуту і іншых нафтапрадуктаў вытворчасці Мазырскага і Наваполацкага НПЗ. Па дадзеных «Клайпедас нафта», транзіт беларускіх нафтапрадуктаў праз тэрмінал кампаніі за дзевяць месяцаў 2015 года дасягнуў за 1,6 мільёна тон.

Аналагічная сітуацыя з Латвіяй. За 8 месяцаў 2016 года з Беларусі было вывезена 4 мільёны тон нафтавых грузаў, што складае 80,9% ад агульных міждзяржаўных перавозак паміж Латвіяй і Беларуссю.

То бок, «дарога да мора» ў нас пратаптаная. І чаму «Расійскія чыгункі» думаюць, што Беларусь адмовіцца ад кароткіх, звыклых і зручных маршрутаў на іх карысць?

Ёсць сур’ёзная падстава для занепакоенасці. Раней у федэральных СМІ Расіі з’явіліся публікацыі пра тое, што Крэмль прапануе Беларусі новае міжурадавае пагадненне, па якім бяспошлінныя пастаўкі нафты з Расіі прывяжуць да абавязацельстваў Беларусі па экспарту пэўных аб'ёмаў нафтапрадуктаў праз расійскія парты.

Шчыра кажучы, нафтавы шантаж Расіі ўжо надакучыў. Зразумела, што для Беларусі нафта — гэта «нашае ўсё». Аднак зараз пастаўкі нафты прывязаныя да абавязальніцтваў пастаўляць у Расію пэўную колькасць бензіну. Добра хоць тое, што наш бок выбіў для сябе ўмовы не пастаўляць гэты бензін, калі гэта будзе эканамічна нявыгадна. Мы паўгода разрульвалі газавы канфлікт, у ходзе якога Расія ў аднабаковым парадку прывязала тыя ж пастаўкі нафты да аплаты за газ. Зараз Расія намагаецца ўвесці ў тыя ж пастаўкі нафты новыя ўмовы і абавязальніцтвы для нашай краіны — ужо па транзіце нафтапрадуктаў. Прычым, зноў, выгаднасць гэтага транзіту для нас сумнеўная.

Зразумела, што нявыгадныя для сябе ўмовы, хай яны і пяць разоў прапісаныя ў міжурадавых пагадненнях, выконваць ніхто не будзе. Такім чынам Расія, спрабуючы завязаць пытанне паставак нафты на чарговыя патрабаванні, проста стварае перадумовы для новай нафтагазавай спрэчкі ці «нафтагазавай вайны».