Нарвегія далучылася да санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі

Нарвегія далучылася да сектаральных санкцый ЕС супраць улад Беларусі, паведамляе нарвежскае МЗС.

norway_2509_1.jpg

Сёння Нарвегія далучылася да новых сектаральных санкцый ЕС супраць Беларусі ў адказ на сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека, якія здзяйсняюць улады краіны, заявіла міністарка замежных спраў Іне Мары ЭрыксенСёрэйдэ.
Сітуацыя ў Беларусі працягвае пагаршацца з-за турэмнага зняволення членаў апазіцыі, пераследаў праваабаронцаў і задушэння незалежных СМІ. Паводле даных праваабарончых арганізацый, у Беларусі больш за 500 палітвязняў. Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека неаднаразова заклікаў беларускія ўлады спыніць парушэнні правоў чалавека.
Нарвегія далучылася да чацвёртага пакета абмежавальных мер ЕС у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і арганізацый, а таксама да нядаўна прынятых ЕС захадаў супраць ключавых сектараў беларускай эканомікі. Да іх адносяцца, сярод іншага, абмежаванні на гандаль таварамі, што выкарыстоўваюцца для рэпрэсій, некаторымі таварамі двайнога прызначэння, нафтапрадуктамі і таварамі, што выкарыстоўваюцца ў вытворчасці тытуню. Гэтыя сектары забяспечваюць беларускай дзяржаве і антыдэмакратычнаму рэжыму Лукашэнкі вялікія даходы. 
 Гэтыя сектаральныя санкцыі дэманструюць рашучасць Нарвегіі і яе бліжэйшых еўрапейскіх партнёраў рашуча адрэагаваць на сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, — гаворыцца ў заяве нарвежскага МЗС.
Паводле слоў міністаркі замежных спраў, замест таго, каб праводзіць сваю няўдалую палітыку, рэжым павінен вызваліць усіх палітычных зняволеных і пачаць дыялог з дэмакратычнымі сіламі.