Нормы бяспошліннага ўвозу тавараў для асабістага карыстання пачынаюць зменшацца

У краінах ЕАЭС уразаюць ліміты на ўвоз тавараў з-за мяжы.

mytnia_1.png

Сёння ўступае ў сілу рашэнне Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі №107 «Аб асобных пытаннях, звязаных з таварамі для асабістага карыстання». У дакуменце гаворыцца аб зніжэнні нормы бяспошліннага ўвозу тавараў для асабістага карыстання.
Так, да канца 2018 года жыхары краін ЕАЭС, якія вандруюць наземным транспартам, яшчэ змогуць прывозіць тавараў на 1500 еўра і па вазе да 50 кілаграмаў.
З 2019 года нормы будуць паступова ісці ў бок паніжэння. Так, ужо ў наступным годзе можна будзе ўвозіць 50 кілаграмаў тавару, але на суму не больш за 1000 еўра. У 2020-м — сумкі турыстаў павінны схуднець да 35 кілаграмаў, а рэчы ў іх патаннець да 750 еўра. У 2021 годзе прывозіць можна будзе толькі 25 кіло тавараў не болей чым на 500 еўра.
Калі чалавек будзе везці нешта звыш ліміту, яму прыйдзецца заплаціць мытную пошліну — 30% ад кошту тавару, але не менш як 4 еўра за кожны лішні або больш дарагі кілаграм.
Мытнікі нагадваюць, што ўсе гэтыя нормы не будуць распаўсюджвацца на няновыя рэчы, якія людзі ўзялі з сабой у дарогу.
Ліміты на алкаголь застаюцца такімі ж — не больш за 3 літры, у тым ліку піва, на аднаго паўналетняга чалавека. Калі везці больш, трэба заплаціць 10 еўра зверху за кожны лішні літр. А правозіць больш за 5 літраў на аднаго чалавека наогул забаронена.
Зараз верхнюю мяжу норм і бяспошліннага ўвозу тавараў для фізічных асоб, і ліміты на міжнародныя пасылкі ўсталёўвае ЕЭК. Але краіны, якія ўваходзяць у ЕАЭС, могуць змяншаць іх на нацыянальным узроўні. Якія канкрэтна змены чакаюць беларусаў?
— У сувязі з уступленнем у сілу Мытнага кодэкса Еўразійскага эканамічнага саюза і шэрагу рашэнняў ЕЭК нарматыўна-прававыя акты Рэспублікі Беларусь таксама знаходзяцца на стадыі распрацоўкі, — адказалі нам у Дзяржаўным мытным камітэце. — Пакуль рана казаць, якія канкрэтна змены і калі будуць у нас. Усе пяць краін, якія ўваходзяць у ЕАЭС, знаходзяцца на пераходнай стадыі.
Нагадаем, беларусы, якія ездзяць за мяжу не часцей чым раз у тры месяцы, могуць правезці тавар для асабістага карыстання вагой да 50 кг і коштам не вышэй за 1500 еўра. А тыя, хто ездзіць часцей, — на 20 кг і 300 еўра.
Паводле Нашай Нівы