Новае даручэнне Лукашэнкі: прыватныя прадпрыемствы не могуць плаціць менш, чым 10 вядучых прадпрыемстваў
Беларускі гарант чарговым разам вырашыў кіраваць заробкамі «ў ручным рэжыме» — цяпер ужо на прыватных прадпрыемствах. І загадаў заробак на прыватных прадпрыемствах прывязаць да сярэдняга 10 "вядучых" прадпрыемстваў рэспублікі
Сёння, 10 ліпеня, падчас наведвання мінскага завода “Атлант” Аляксандр Лукашэнка даручыў дапасаваць заробкі ў прыватных прадпрыемствах да тых, якія атрымліваюць працаўнікі на “дзесяці вядучых прадпрыемствах”.
"Я прашу рэалізаваць, каб узялі на кантроль. Урад павінен рэалізаваць. Я думаў пра зарплату, як будзем рухацца далей. Трэба ўзяць прыкладна дзесяць вядучых прадпрыемстваў краіны. Дапусцім, "Атлант", МАЗ, БелАЗ, якія маюць самы высокі ўзровень заробкаў. Наверсе — самы высокі, дзясяты — ніжэй. Узяць сярэдні заробак гэтых дзесяці і давесці да выканання ўсіх прыватнікаў", — паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка.
"Прыватныя прадпрыемствы не могуць плаціць ніжэйшы заробак сваім работнікам і падначаленым спецыялістам, чым дзесяць вядучых прадпрыемстваў. Такім чынам мы пракантралюем і заработную плату ў тых, хто сябе лічыць "свабодным ад усяго", — загадаў Лукашэнка.