«Надакучыла стаўленне кіраўніцтва»: навошта шахцёрам баставаць — з іх заробкамі?

Па «Тэлеграме» гуляе ліст ад салігорскіх шахцёраў, у якім гаворыцца пра складаныя ўмовы працы на «Беларуськаліі» і забастоўку, запланаваную на пачатак жніўня, піша «Еўрарадыё».

Шахцёр на рабочым месцы / vk.com/miners_notes

Шахцёр на рабочым месцы / vk.com/miners_notes

Апошні раз баставалі шахцёры ў Беларусі ў 1990-я. З таго часу ўмовы працы ў горназдабыўной прамысловасці палепшыліся, а заробкі выраслі — сёння адны з самых высокіх у краіне. Што можа вывесці іх на вуліцы ў 2020 годзе? І ці можа такая сітуацыя скласціся ў прынцыпе? Пра гэта «Еўрарадыё» паразмаўляла з супрацоўнікамі ААТ "Беларуськалій". Суразмоўнікі пажадалі застацца ананімнымі.

Усім трэба так зарабляць, а не толькі шахцёрам

Еўрарадыё: Вы чыталі ліст, апублікаваны ў ТГ-канале NEXTA? Згодныя з яго аўтарамі?

— Многае з таго, што напісана, магу пацвердзіць. Тое, што працуем на старызне, — гэта факт. Быў выпадак, калі трэба было наладзіць абсталяванне, запчастак у наяўнасці не было, сальнікі ўшчыльнікавыя куплялі самі. Інструмент (гаечныя ключы, шасціграннікі, усё не ўспомню) куплялі за свае грошы таксама. Многія брыгады самі купляюць інструменты. У выніку, пакуль прыйшло нармаванне, мы чакалі многага, ад гідраўлічнай алівы да тэхнікі, бо праблема з саляркай, яна ў дэфіцыце.

Часам даводзіцца тэхніку бяспекі парушаць, зноў жа з прычыны адсутнасці некаторых дэталяў і абсталявання альбо яго няспраўнасці.

Наконт эканоміі на паветры. У нас ёсць так званыя дні ТБ, гэта аўторак і чацвер. З раніцы, прыкладна з 8 да 12, калі адбываецца наведванне ІТР [інжынерна-тэхнічнымі работнікамі. — Еўрарадыё] шахтаў, у клеці або каля ствалоў чуваць і адчуваецца, як паступае большая колькасць паветра, тут не патрэбныя нават прыборы, каб гэта вызначыць, паветраны струмень мацнейшы.

Праблемы з вентыляцыяй таксама ёсць. Часам даводзіцца здымаць рэспіратары, таму што на аддаленых вырабатках немагчыма ў іх дыхаць, даводзіцца "перахапіць" паветра з пылам.

Скрыншот ліста / t.me/nexta_tv

Скрыншот ліста / t.me/nexta_tv

Еўрарадыё: А з заробкамі цяпер як? У лісце гаворыцца, што праз пастаянную змену нормаў частка забойшчыкаў не можа напрацаваць нават на тарыф.

— Ведаю брыгады, дзе ўсё менавіта так. Калі гэта здабычная брыгада, то залежыць ад аб'ёму здабытай руды. У кожнай брыгады свая норма. У шахце шмат разрадаў і спецыяльнасцяў, таму зарплаты розныя. Ад 1000 рублёў да 5000, напрыклад. Думаю, і больш ёсць. Грэх скардзіцца. Але, як сказаў Бабарыка: "Я не хачу, каб людзі ненавідзелі багатых". Калі мама пытаецца, колькі мне перавялі, я саромеюся ёй казаць, бо яна здароўе аддала за зарплату 1000 рублёў перад пенсіяй.

Еўрарадыё: За вялікія зарплаты даводзіцца расплачвацца здароўем?

— У мяне на фоне працы ў шахце з'явілася алергія, я з верасня да траўня калю ўколы, каб лягчэй перанесці сезон, і ўсё лета п'ю таблеткі. У вялікай колькасці рабочых у шахце сарваныя спіны, хворыя калені. Пастаянныя перапады ціску таксама не даюць нічога добрага.

Еўрарадыё: Якая спецыяльнасць у шахце самая цяжкая?

— Напэўна, крапільшчык [рабочы, які адказвае за руднічныя мацаванні ў шахце. — Еўрарадыё]. Самая няўдзячная праца, за якую, у прынцыпе, не атрымліваюць годна

 

Крапільшчыкі / kedu.ru

Крапільшчыкі / kedu.ru

Еўрарадыё: Чытачы могуць задаць пытанне: дык а чаго шахцёрам скардзіцца? Адкуль жаданне баставаць?

— Нават не ведаю, што тут сказаць. Неяк сядзелі з жонкай, абмяркоўвалі. Я казаў, што атрымліваю ў цэлым нядрэнна. Яна адказала, што ўсім трэба так зарабляць, а не толькі шахцёрам. Пражыць на тое, што цяпер людзі зарабляюць, — нерэальна.

Баставаць хочуць, магчыма, праз салідарнасць са сваёй краінай і народам. Магчыма праз "ёсць з чым параўнаць" або праз скоцкае стаўленне "Свечкі" [галоўны будынак "Беларуськалія", адміністрацыя. — Еўрарадыё] да рабочых. А можа, і ўсё разам. 2020 год, як мне здаецца, год перамен, людзі адчуваюць, і шахцёры — частка народа. Чаму тады перамены павінны быць толькі ва ўладзе? А можа, усё так супала, усё ў адзін момант — выбары, тое, што накіпела ў гарнякоў, каранавірус, стаўленне да яго. Людзі ў нас, можа, і баязлівыя, але не дурныя і не сляпыя.

Прафсаюзам я даўно не веру. Улады ўсё ведаюць і ўсё чуюць, проста адварочваюцца. Але выходзіць людзі не хочуць, маўляў, "дзе я знайду працу з такім заробкам". Чакаюць з мора пагоды. Таму і няма ў Салігорску "ланцужкоў салідарнасці". Яны там, дзе людзям у прынцыпе губляць няма чаго.

Еўрарадыё: Раз закранулі тэму кіраўнікоў — што вы можаце сказаць пра кіраўніцтва? Пра дырэктара?

— Не ведаю яго [Івана Галаватага, генеральнага дырэктара ААТ "Беларуськалій". — Еўрарадыё] як чалавека. Усе кажуць, што з яго прыходам стала горш. Хоць ён для горада шмат робіць: парк новы, траса лыжаролерная. Але з грошай ААТ спрабуе паказаць твар прадпрыемства. Ну ведаеце, калі хтосьці прыедзе, яго заселяць у класны гатэль "Алеся", пакормяць там, правядуць нарады ў "Свечцы", і ўсе такія: "Вау, тут бабкамі пахне, усё дорага-багата". А ў шахце ржавыя тачкі без тармазоў людзей возяць на змены.

Не зробіш сам рамонт — не заробіш сабе заробак

Меркаванне нашага другога суразмоўніка не моцна адрозніваецца ад папярэдняга.

— Што да апісаных [у лісце з "Тэлеграма". — Еўрарадыё] праблемных пытанняў, то так яно і ёсць. Гэтыя пытанні пастаянна задаюцца намі кіраўніцтву на ўчастках, спецыялістам у службах, а адказ адзін — усе спасылаюцца на вышэйшае кіраўніцтва. Таму незадаволенасць ёсць, людзі ўсюды сітуацыю абмяркоўваюць.

Больш размоў пра ўмовы працы. Яны асабліва не мяняюцца, а нагрузка на работнікаў расце. Але ніхто не бачыць пры гэтым павелічэння сваіх даходаў. У канцы кожнага месяца брыгадзіры ідуць на закрыццё нарадаў у нармаванне, і часцяком яны ідуць туды як на вайну, бо ўвесь час патрэбен кантроль за работнікамі гэтага аддзела, якія ўвесь час хочуць нешта ўрэзаць і забраць. Але адкрытых размоў пра забастоўку няма. Многія лічаць, што ў калектывах ёсць стукачы, якія могуць расказаць пра гэта кіраўніцтву. А работа шахцёра — яна спецыфічная. Знайсці працу па іншай спецыяльнасці вельмі складана, асабліва калі ўжо паўжыцця адпрацаваў у забоі. Такое становішча не толькі з шахцёрамі, але і з дапаможнымі службамі, якія абслугоўваюць шахты.

Плацяць добра, але ў адносінах да чаго? Калі да ўсёй краіны — можа быць, і так. А калі ў адносінах да работы, якая выконваецца, і шкоднасці — не. Многія з шахцёраў не дажываюць да пенсіі, а хто дажывае, той доўга не жыве. Праца ў такіх умовах робіць людзей практычна інвалідамі: праблемы з суставамі, сэрцам, лёгкімі, слыхам...

Чаму могуць баставаць? Усе бачаць, што прыбыткі ў прадпрыемства вялікія, а многія элементарныя запчасткі па паўгода чакаюць. Каб своечасова праводзіць рамонты, брыгады скідваюцца і купляюць сабе інструмент на рабочае месца, бо не зробіш хутка рамонт — не заробіш сабе заробак. Многія кіраўнікі адкрытым тэкстам кажуць "З'ездзі ў БІЛД [будаўнічая крама ў Салігорску. — Еўрарадыё] і купі". Вось усё гэта і прыводзіць да таго, што ўжо няма сіл маўчаць. Але пакуль яшчэ толькі гатовыя выказвацца ананімна.

Спецыяліст у шахце / kali.by

Спецыяліст у шахце / kali.by

Тым часам Генпракуратура ўжо паспела заявіць, што забастоўка, запланаваная на 3 жніўня, не мае нічога агульнага з легальным забастовачным рухам і на заклікі ананімных правакатараў весціся не варта. Парадаксальна, але менавіта з гэтага паведамлення аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян пракуратуры многія ў прынцыпе даведаліся пра тое, што плануецца нейкая забастоўка.

euroradio.fm