Падатковая прад'явіла больш за 12 млн рублёў беларусам за зарплату «ў канвертах»

Летась падатковыя органы запатрабавалі дэкларацыі аб даходах і маёмасці ў 8 тысяч чалавек. Больш за трэць з іх (2,9 тысячы грамадзян) не змаглі пацвердзіць легальнасць паходжання сваіх даходаў. У выніку ім прад'яўлена да выплаты 12,3 млн рублёў падаходнага падатку, паведамляе МПЗ.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ведамства прыводзіць прыклад: у адным з тату-салонаў у Брэсцкай вобласці падатковыя органы знайшлі імянныя канверты з "шэрай" зарплатай, а таксама інструкцыі для работнікаў аб тым, як прымаць наяўную выручку без касы. Экспертыза кампутарнай тэхнікі паказала, што прадпрымальнікам ад падаткаабкладання ўтоена больш за 800 тыс рублёў выручкі, а памер выплачанай заработнай платы "ў канверце" перавышае 240 тыс рублёў.
Вердыкт суда — штраф у памеры ста базавых велічынь, канфіскацыя чвэрці незаконна атрыманага даходу (больш за 190 тыс рублёў), а таксама абсталявання коштам амаль 10 тыс рублёў.
Аналагічны факт выяўлены работнікамі Мінскай гарадской інспекцыі пры праверцы станцыі тэхабслугоўвання. Паводле знойдзенай "чорнай бухгалтэрыі", сума ўтоенай ад падаткаабкладання выручкі склала за пяць гадоў 780 тыс рублёў, 40 працэнтаў якой сыходзіла на выплату заработнай платы "ў канвертах". Па выніках праверкі выстаўлена 230 тыс рублёў падаткаў, у тым ліку 147 тыс падаходнага падатку.