Папера ўсё вытрывае

Як будуць выконваць патрабаванне Лукашэнкі ўзняць заробак да 500 долараў у эквіваленце? Як заўсёды — на паперы. І першыя крокі ў гэтым напрамку ўжо робяцца.

757.jpg

На тыдні родны Белстат паведаміў, што налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі ў снежні склаў 801,6 рублёў (у лістападзе ён быў роўны 717,6 рублёў). Налічаная сярэдняя заработная плата рабочых і служачых склала ў снежні мінулага года 802 рублі (у лістападзе — 718,9 рублёў).

У пераліку на долары па сярэднеўзважанаму курсу Нацбанка сярэдні заробак беларусаў у снежні быў роўны 408 доларам. У лістападзе — 370 долараў.

Ці верыць гэтым лічбам? Варта толькі пачытаць каментары пад гэтай навіной. Людзі пішуць, напрыклад: «У Воршы і да 450 рублёў не дацягвае! Сярэдняя 280!». Альбо: «Настаўнік у школе, стаж 25 гадоў, стаўка — за снежань налічана 490 рублёў (з прэміяй). Сястра, загадчык гаспадаркі ў школе — 200». «А ў мяне ўпала за снежань на 40%, БелЖД, мінскі вагонны ўчастак, праваднік». «Сын атрымлівае ў ЦУМе 350 рублёў, прадавец-касір».

Ці вось такі каментар: «Калі гэта хлусня, то зусім невялікая. Ну напісалі, што 400 долараў, а не рублёў. Дык можа і не наўмысна, проста памыліліся...»

Сапраўды, методыка Белстата часам проста ўражвае. Мы ўжо пісалі пра афіцыйную інфляцыю ў 10,6% гадавых і падлікі людзей, якія захавалі мінулагоднія чэкі з крамаў. Усё вырасла ў кошце ў сярэднім працэнтаў на 20, а інфляцыя — усё роўна 10%!

Прычым гэтая казка пра 500 долараў заробку шырока распаўсюджваецца. Нібыта, такое ў нас ужо было, але ці было гэта насамрэч? Хто атрымліваў заробак у 10 мільёнаў, калі курс быў 20 тысяч за долар? Хіба толькі айцішнікі, дэпутаты і шахцёры «Белкалія». Міліцыянты, і тое ў большасці столькі не зараблялі. Але міф прыжыўся, і чамусьці мы ўпэўненыя, што 500 долараў — так, атрымлівалі.

Дарэчы, пра міліцыянтаў. Грошы ў дзяржавы скончыліся зусім. Лукашэнка ў час рабочай сустрэчы з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічамі прапанаваў «разумна аптымізаваць» ведамства.

«Мы ад гэтага нікуды не сыдзем. Вы ўвесь час мне дакладваеце, што крымінагенная сітуацыя паляпшаецца, значыць, нам паступова трэба ісці да скарачэння, але не да бяздумнага, а да аптымізацыі структур», — сказаў Лукашэнка.

Колькасць міліцыянтаў у Беларусі падлічыць цяжка, таму што па факце да іх належаць унутраныя войскі, розныя спецпадраздзяленні, студэнты-курсанты Акадэміі МУС і гэтак далей. Паводле дадзеных ААН, якія беларускі МУС не аспрэчваў, на 100 тысяч насельніцтва Беларусі прыпадае 1442 супрацоўнікі МУС. Сярэднесусветны паказчык складае 300 паліцыянтаў на 100 тысяч чалавек. То бок, міліцыянтаў у нас — каля 130 тысяч чалавек. У БССР, як распавёў генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб, было 40–45 тысяч міліцыянтаў. Так што гэтую структуру спакойна можна скарачаць у тры-чатыры разы.

Але такое скарачэнне вельмі небяспечнае для ўлады. Ператварыць у дармаедаў (пры сённяшняй нястачы працы) нават 20% былых міліцыянтаў, якія звыклі да ўсёдазволенасці і вялікіх заробкаў, — гэта наўпроставы падкоп пад беларускую стабільнасць. Але і грошай на ўтрыманне такой колькасці сілавікоў ужо няма. Таму і называецца гэта «аптымізацыяй». Хутчэй за ўсё, яна ператворыцца ў «ратацыю крэслаў», а не ў скарачэнне МУС.

Адначасна з’явілася і прыемная навіна для турыстычнага бізнесу краіны. Раней узнік праект указа, паводле якога аграсядзібам маглі забараніць правядзенне вяселляў і юбілеяў, а таксама прымаць адначасова больш за 20 турыстаў. Але ў аўторак міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко паведаміў, што вырашана, наадварот, пашырыць пералік паслуг, якія могуць аказваць аграсядзібы. У гэты спіс плануецца ўключыць правядзенне прэзентацый, юбілеяў, банкетаў; аказанне паслуг лазняў, саўны і душавых; катанне на жывёлах і гужавым транспарце; прадастаўленне інвентару для спорту і адпачынку. За прэзентацыі і банкеты ўладальнікі аграэкасядзібаў будуць выплачваць збор за кожны месяц, у якім аказвалася паслуга. Велічыня збору будзе залежаць ад месца размяшчэння суб’екта аграэкатурызму: плануецца, што збор будзе большым для аграсядзіб, размешчаных недалёка ад Мінска або абласных цэнтраў.

У дакуменце дакладна прапісана, што цяпер будзе лічыцца аграэкасядзібай. Напрыклад, здымаецца норма, якая дазваляла займацца аграэкатурызмам у кватэры ў жылым доме, што цалкам лагічна.

Увогуле, калі б не статыстыка, блок эканамічных навін уражвае. Так, урад зацвердзіў комплекс мер па рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016–2020 гады, дзе сярод распісаных мерапрыемстваў ёсць даўно чаканыя і цалкам рэвалюцыйныя.

Напрыклад, чыноўнікі плануюць дазволіць беларусам адкрываць рахункі ў замежных банках (тэрмін выканання — 2017–2019 гады) і адмяніць абавязковы продаж валютнай выручкі (цалкам — у 2018 годзе). Урад мае намер заканадаўча замацаваць незваротнасць прыватызацыі, скараціўшы тэрмін іскавай даўнасці па прыватызацыйных здзелках да трох гадоў (2017 год).

Асобныя блокі захадаў тычацца разняволення дзелавой ініцыятывы і фарміравання спрыяльных умоў для вядзення бізнесу, у тым ліку — малога. Гаворка ідзе, да прыкладу, пра аптымізацыю санкцый, якія ўжываюцца за нязначныя парушэнні, пашырэнне практыкі вынясення папярэджанняў замест накладання штрафаў. Анансаваная «выпрацоўка механізмаў дыферэнцыраванага прымянення штрафных санкцый у залежнасці ад ступені віны і ўзроўню даходу суб’ектаў гаспадарання».

Гэта амаль тое, чаго доўгі час патрабавалі беларускія прадпрымальнікі. Таксама ў планах — аптымізацыя падатковай нагрузкі, мараторый на павышэнне падатковых ставак і ўвядзенне новых падаткаў, збораў і пошлін, «за выключэннем выпадкаў, калі адпаведныя абавязкі Рэспублікі Беларусь прадугледжаны міжнароднымі дамовамі».

Галоўнае толькі, каб гэтыя планы ўвасобіліся ў жыццё, а не былі рэалізаваныя на паперы, як казка пра 500 долараў заробку.