Пасля ўвядзення абавязковых даведак аб даходах попыт на спажывецкія крэдыты ўпаў

У другім квартале попыт на спажывецкія крэдыты ў Беларусі знізіўся. Аб гэтым сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі.



spazhyviecki_kredyt.jpg

25 красавіка гэтага года набыло моц рашэнне Нацбанка аб увядзенні забароны на выдачу спажывецкіх крэдытаў насельніцтву без даведак аб даходах.
На гэтым фоне ў другім квартале года, паводле звестак Нацбанка, аб'ём рынку спажывецкага крэдытавання стаў скарачацца. Так, ужо ў красавіку прырост запазычанасці насельніцтва па спажывецкіх крэдытах знізіўся ў 2,5 разу ў параўнанні з сакавіцкім паказчыкам. 
Калі ў сакавіку запазычанасць насельніцтва па рублёвых спажывецкіх крэдытах вырасла на 216,5 млрд. рублёў, то ў красавіку — толькі на 83,7 млрд.
У маі зафіксавана адмоўная дынаміка гэтага паказчыка — аб'ём запазычанасці фізасоб па спажывецкіх крэдытах знізіўся за апошні месяц вясны на 99,8 млрд. рублёў.
Скарачэнне попыту на спажывецкія крэдыты пасля рашэння Нацбанка аб абавязковым прадстаўленні крэдытаатрымальнікамі даведак аб даходах было прагназаваным. 
«Чалавек, выказаўшы жаданне ў магазіне ажыццявіць імпульсную пакупку ў крэдыт, не зможа гэтага зрабіць, бо даведаецца, што для афармлення крэдыту патрэбна даведка аб даходах. Відавочна, гэта знізіць даступнасць экспрэс-крэдытаў», — прагназаваў у каментары БелаПАН топ-менеджар аднаго з банкаў забарону рэгулятара, якая рыхтавалася на той момант. 
Забарона на выдачу спажывецкіх крэдытаў без даведак аб даходах можа быць абумоўлена імкненнем фінансавых уладаў абмежаваць спажывецкі імпарт, гавораць эксперты.
Яны звяртаюць увагу на тое, што курс Нацбанка на згортванне экспрэс-крэдытавання адпавядае грашова-крэдытнай палітыцы, якая праводзіцца уладамі і прадугледжвае абмежаванне аб'ёмаў крэдытавання эканомікі. Згодна з адной з версій, забарона Нацбанка магла таксама стаць рэакцыяй на звароты грамадзян, якія не змаглі пагашаць крэдыты і прад'яўлялі дзяржорганам шматлікія прэтэнзіі з сувязі з высокім коштам спажывецкіх пазык. 
На думку банкіраў, у сувязі з забаронай на выдачу крэдытаў без даведак аб даходах можа павялічыцца попыт на крэдытныя карты банкаў. Для атрымання такіх карт неабходна адзін раз (пры афармленні) прадставіць даведку аб даходах і потым можна купляць тавары ў крэдыт неабмежаваную колькасць разоў. Пры заключэнні дагавора на атрыманне карты ўказваецца ліміт авердрафта (максімальная сума прадастаўлення крэдыту), які можа атрымаць трымальнік карты.
БелаПАН