Паслугі ЖКГ падаражэюць «у межах пяці долараў»

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 473 "Аб устанаўленні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва на 2018 год".

Фота bloger51.com

Фота bloger51.com

"Межава дапушчальныя тарыфы сфармаваныя з улікам рэзерваў зніжэння кошту жыллёва-камунальных паслуг, выяўленых міжведамаснай рабочай групай, створанай Камітэтам дзяржаўнага кантролю паводле даручэння кіраўніка дзяржавы", — паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

У выніку прымянення зацверджаных тарыфаў жыллёва-камунальныя плацяжы для насельніцтва, у разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажыванні імі паслуг, павысяцца ў "межах пяці долараў", гаворыцца ў паведамленні.

Плануецца, што гэтыя тарыфы дазволяць забяспечыць у 2018 годзе ўзровень кампенсавання насельніцтвам затрат па ўсім комплексе жыллёва-камунальных паслуг больш за 70%. Па большасці паслуг (тэхнічнае абслугоўванне жылых памяшканняў, ліфтаў, водазабеспячэнне, водаадвядзенне, збор, вываз і абясшкоджванне камунальных адходаў) з улікам працы па зніжэнні іх сабекошту плануецца выйсці на стопрацэнтнае пакрыццё.

"Ва ўмовах росту жыллёва-камунальных плацяжоў будзе працягнутая праца па дзяржаўнай падтрымцы насельніцтва праз даванне безнаяўных жыллёвых субсідый тым, хто маюць патрэбу ў ёй", — запэўніла прэс-служба.

Такія субсідыі даюцца грамадзянам і сем'ям пры ўмове, што штомесячная сума камунальных плацяжоў перавышае 20% іх сярэднямесячнага сукупнага даходу ў горадзе і 15% — у сельскай мясцовасці.

На нарадзе 20 кастрычніка 2017 года Аляксандр Лукашэнка забараніў ураду павышаць у 2018 годзе тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі без узгаднення з ім. "Стаўлю задачу для ўсіх: з 2018 года праводзіцца разавае павышэнне тарыфаў толькі на 5 долараў і ў далейшым — ніякага росту без майго ведама. Тарыфы павінны быць пад'ёмнымі для народа. У гэтай сувязі ураду, Камітэту дзяржаўнага кантролю даручаю дэталёва праверыць. І 1 студзеня 2018 года зацвердзім тарыфы рашэннем прэзідэнта", — заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "нельга бударажыць насельніцтва размовамі аб стопрацэнтным кампенсаванні кошту паслуг літаральна з заўтрашняга дня". "Гэтае пытанне ў тым ліку і палітычнае, спешка тут недапушчальная. Мы палічым спачатку тарыфы дакладна, каб энергетыкі, тыя, хто ваду падае, не жыравалі і не вырашалі свае праблемы за кошт насельніцтва. І тады прымем рашэнне, калі будзем выходзіць і як будзем выходзіць на стопрацэнтную аплату. Я перакананы: калі мы вельмі дакладна палічым, ужо з трэцяга заходу, гэтыя тарыфы, то працэнт кампенсацыі будзе вельмі высокім. Магчыма, і 90%", — заявіў Лукашэнка.

У сярэдзіне верасня 2017 года віцэ-прэм'ер урада Анатоль Калінін заявіў, што ў першай палове 2018 года "насельніцтва будзе ўносіць 100-працэнтную аплату па асноўных жыллёва-камунальных паслугах, за выключэннем цеплазабеспячэння". Паводле яго слоў, з павышэннем аплаты "павінна павысіцца і якасць паслуг, і для гэтага нам трэба ўдасканаліць працу па многіх напрамках". Намеснік прэм'ер-міністра падкрэсліў, што тарыфы на цеплазабеспячэнне з-за сваёй дарагоўлі будуць павышацца паступова, у залежнасці ад даходаў насельніцтва.

Марына Носава, БелаПАН