«Прадаем раней набытае, але ж яно скончыцца!» Як крызіс адбіўся на беларускіх рынках?
Ці адчулі на сабе пагрозу каронавірусу, закрытыя межы ды рост курсу беларускія рынкі? Журналісты Белсата прайшліся па рынках Горадні ды паразмаўлялі з гандлярамі.

Галоўны рынак гораду, Скідзельскі, апынуўся ў будзённы дзень найбольш «жывым». На першы погляд, нічога не змянілася: няма дзе прыпаркавацца, гандаль ідзе, людзі (пераважна сталага ўзросту) як заўсёды цягнуцца да гандлёвых шэрагаў.
«Не ведаю, як будзем… Неяк будзем»
Першае, што кідаецца ў вочы: цалкам знік гандаль з зямлі харчовымі прадуктамі, з якім традыцыйна стаялі бабулькі. Афіцыйна і раней нельга было гандляваць з зямлі, але адміністрацыя на гэта заплюшчвала вочы. Зараз жа патрулі ходзяць кожныя 7-10 хвілін, ніхто нават разгарнуць валізы не паспявае.

Падобная сітуацыя і з тымі, хто гандляваў з зямлі адзежай ці, прыкладам, прывезенай з Польшчы кавай. Цётачак-гандлярак ганяюць, прычым зараз усё часцей складаюць пратаколы. Гандляры ў роспачы.
«А як нам інакш гандляваць, – кажа жанчына сталага веку, якая толькі што схавала перад міліцыянтамі асартымент, выкладзены на кардонцы. – Няма грошаў за месца плаціць. Як быць? А зараз, калі везці немаведама як… Не ведаю, як будзем… Неяк будзем».

Кошты нават на дробныя рэчы падвышаюцца. Напрыклад, кава Dallmayr (0,5 кг) раней каштавала 10-11 рублёў, зараз ужо – 15-16. Каву везлі з Польшчы. А мяжа зачыненая.
«У каго польскі тавар, а тут такіх багата, будзе мець праблему, – адзначае іншая прадавачка. – Усё ж сканчаецца, а значыць, кошт рэзка ідзе ўгару. Бо прадаем тое, што ўжо ёсць, раней набытае, а яно скончыцца! Можа, будзе Dallmayr, але ўжо нейкі расейскі ды з іншай зусім якасцю, самі пабачыце…»

«Людзі будуць зачыняцца, калі ім не дапамогуць»
Заходзім у крытыя шэрагі з бакалеяй. Тут месцы платныя, усё легальна, ніхто нікога не ганяе. Завязваем размову з гандляром сухафруктамі і спецыямі:
«Мы ўжо адчулі, што пастаўшчыкі паднялі кошты. На спецыі, сухафрукты, з грэцкім арэхам украінскім праблемы… Тут не столькі з вірусам ці межамі нават звязана, колькі з курсам долару. Усё звязана. Пакуль тыя, хто гандлюе харчовымі таварамі, не адчулі пагаршэнняў. Мы ж на складах закупляем усё афіцыйна, там пакуль ёсць».

Разам з тым, гандляр адзначае, што ягоныя калегі, якія займаюцца адзежай і абуткам, у хуткім часе будуць мець праблемы, бо не змогуць банальна паехаць у Маскву і закупіцца. Пакуль, маўляў, яны распрадаюць набытае раней. Пазней мадэльны шэраг будзе ўжо няпоўны і гэта зусім не тое.
«У іх варыянтаў наагул няма ніякіх», – адзначае мужчына.

Да размовы падключаецца гандляр з суседняга боксу, мужчына каля 40 гадоў:
«Самі падумайце: пакупніцкая здольнасць людзей будзе адпавядаць новым коштам? Не, бо заробкі не растуць. Колькасць пакупнікоў будзе падаць. А як прадпрымальніку плаціць арэнду і падаткі? Вось, з 1 красавіка прыняты закон пра павышэнне арэнднай стаўкі. Гэта замест таго, каб наадварот панізіць на час крызісу, каб мы змаглі пратрымацца. А так, людзі будуць зачыняцца, калі ім не дапамогуць».

«Адзін пакупнік ходзіць, «палонны»…»
Едзем на крыты рынак «Карона», дзе гандлююць больш дарагім таварам: збольшага адзежай, але ёсць таксама мэбля, дзіцячыя вазочкі. На «Кароне» пуста, гандляры збіраюцца міжсобку, каб пагутарыць ці кавы папіць. Пакупнікоў амаль няма.

Сівы мужчына, які гандлюе абуткам, з ахвотай распавядае пра свае справы:
«Я, напрыклад, закупіўся яшчэ да ўсяго гэтага. То бок, да сезону гатовы. Вось, перад вамі зайшлі, набылі. Пакуль не адчуў нічога страшнага. Так, нехта кажа, што ў яго дупа. Можа і дупа, але не ў мяне! Зрэшты, а куды мне яшчэ ісці? Я 20 гадоў гандлюю, што мне яшчэ рабіць?»

Іншы гандляр са стажам, гадоў 50-ці, які займаецца джынсамі, больш песімістычны:
«Няма людзей, вы ж самі бачыце. Што тут дадаць? Адзін пакупнік нейкі ходзіць, «палонны»… У мяне дзве дачкі ў Баварыі. Яны таксама прадпрымальніцы. Там законы зараз, вядома, больш за двое не збірацца і г. д. Ну дык ім жа кампенсацыі даюць, дзяржава прадугледзела! А нам хто падаткавыя канікулы дасць хаця б? Самае цікавае яшчэ наперадзе…»
