Прадстаўніца Мінгандлю: трэба развіваць патрыятызм у спажыўцоў

За апошнія 5 гадоў у Беларусі асвоены выпуск каля 280 новых пазіцый спажывецкіх тавараў. Сярод навінак апошніх пяці гадоў — гіпаалергенныя дзіцячыя сухія сумесі, халадзільнікі з сістэмай No Frost, пральныя машыны з павялічанай максімальнай загрузкай бялізны да 7 кг, LCD-тэлевізары са святлодыёднай падсветкай, мультываркі, новыя калекцыі адзення і абутку, падгузнікі для дзяцей. 



samae_ato.jpg

Фарміраванню спажывецкага патрыятызму ў Беларусі трэба надаваць больш увагі, мяркуе намесніца начальніка ўпраўлення спажывецкага рынку нехарчовых тавараў Міністэрства гандлю Беларусі Марына Ліпніцкая.

"На жаль, атрымаў распаўсюджанне стэрэатып, што імпартная прадукцыя лепшая, чым айчынны тавар, што рэкламуецца толькі той тавар, які не хочуць купляць", — цытуе БЕЛТА Марыну Ліпніцкую.

Прадсташніца Мінгандлю пераконвае, што беларускія прадпрыемствы могуць прапанаваць дастойную прадукцыю, вырабленую з выкарыстаннем сучасных тэхналогій.

"У час наведвання адной з мінскіх крамаў сутыкнулася з наступнай сітуацыяй. Побач з мультываркай "Гарызонт" прадавалася аналагічная імпартная. Але, у адрозненне ад беларускай тэхнікі, яе камплектацыя не прадугледжвала ні тэфлонавай чашы, ні насадкі для фрыцюру. Пры гэтым каштавала мультыварка значна даражэй", — падзялілася сваімі назіраннямі чыноўніца. 

Міністэрства гандлю пастаянна аналізуе кан'юнктуру спажывецкага рынку, імпарту, існуючага ўзроўню продажаў. На падставе атрыманых даных міністэрства прапаноўвае, якія новыя вытворчасці спажывецкіх тавараў мэтазгодна стварыць, як павысіць канкурэнтаздольнасць ужо выпускаемай прадукцыі. 

За апошнія 5 гадоў у Беларусі асвоены выпуск каля 280 новых пазіцый спажывецкіх тавараў. Сярод навінак апошніх пяці гадоў — гіпаалергенныя дзіцячыя сухія сумесі, халадзільнікі з сістэмай No Frost (без утварэння інею ў камерах), пральныя машыны з павялічанай максімальнай загрузкай бялізны да 7 кг, LCD-тэлевізары са святлодыёднай падсветкай, мультываркі, новыя калекцыі адзення і абутку, падгузнікі для дзяцей.

У 2014 годзе прамысловасць прыняла для асваення 63 пазіцыі новых спажывецкіх тавараў. З іх 55 найменняў тавараў папоўнілі ўжо асартымент беларускіх магазінаў у гэтым годзе.