Пракаповіч: Вынікі 2014 года можна лічыць станоўчымі
Нягледзячы на складаныя ўмовы 2014 года, у Беларусі ўдалося дасягнуць адноснай збалансаванасці эканомікі, заявіў віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч, выступаючы 19 снежня на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу.
![130925_prokopovich.jpg 130925_prokopovich.jpg](/img/v1/news/full/130925_prokopovich.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
"На жаль, сёлета нам даводзілася працаваць ва ўмовах, якія не маглі прадбачыць пры працы над прагнознымі паказчыкамі. Гэта, па-першае, падзеі ва Украіне. Не маглі мы прадбачыць і
тое, што адбудзецца ў нашага галоўнага партнёра — Расійскай Федэрацыі. Таму даводзілася карэктаваць прагнозныя паказчыкі, прыстасоўвацца да новых умоў", — сказаў
Пракаповіч.
Урэшце, дадаў ён, не толькі знешнія фактары не дазволілі выканаць прагнозныя паказчыкі: "Паўплывалі і ўнутраныя фактары — што мы не ў дастатковай ступені павысілі
канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі на ўнутраным і знешнім рынках".
Тым не менш, лічыць віцэ-прэм'ер, галоўная задача ў 2014 годзе выкананая: рост рэальных даходаў насельніцтва за 11 месяцаў склаў 101,7%.
Адмоўным фактарам Пракаповіч назваў тое, што пытанні стабілізацыі вырашаліся не толькі за кошт унутраных рэсурсаў, але і праз рэструктурызацыю знешняга доўгу.
У цэлым жа вынікі года, на думку віцэ-прэм'ера, можна лічыць станоўчымі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН