Рассельгаснагляд пашырыў спіс прадпрыемстваў Беларусі, чыя прадукцыя забаронена да ўвозу ў РФ
Рассельгаснагляд 26 лістапада ўводзіць забарону на ўвоз мясной і малочнай прадукцыі яшчэ з васьмі прадпрыемстваў Беларусі, гаворыцца ў паведамленні расійскага ведамства.
"Сёння намеснік кіраўніка Рассельгаснагляду, галоўны ветэрынарны інспектар Расіі Яўген Непаклонаў звярнуўся да галоўнага ветэрынарнага інспектара Беларусі Васіля Півавара з лістом, у
якім, у прыватнасці, звяртаецца ўвага на тое, што пры лабараторных даследаваннях выяўлена неадпаведнасць таварных партый харчовай прадукцыі, якая паступіла ў Расію з некаторых прадпрыемстваў
Беларусі, нормам і патрабаванням, прадугледжаным заканадаўствам Расіі і Мытнага саюза", — адзначаецца ў паведамленні.
"У сувязі з сур'ёзнасцю дапушчаных парушэнняў Рассельгаснагляд прыняў рашэнне аб увядзенні з 26 лістапада 2014 года часовых абмежаванняў на пастаўку ў Расію прадукцыі беларускіх
прадпрыемстваў ААТ "Агракамбінат Скідальскі", ААТ "Віцебская бройлерная птушкафабрыка", СЗАТ "Сервалюкс Агра", ААТ "Віцебскі
мясакамбінат", ААТ "АФВК" Жлобінскі мясакамбінат", ААТ "Калінкавіцкі мясакамбінат", ААТ "Рагачоўскі МКК" і ААТ "Птушкафабрыка
"Світанак", — гаворыцца ў паведамленні.
Забарона ўводзіцца ў сувязі з недапушчальным узроўнем утрымання антыбіётыкаў, а таксама сальманелы і кішачных палачак у прадукцыі гэтых прадпрыемстваў.
"Рассельгаснагляд звярнуўся з просьбай да ветэрынарнай службы Беларусі аб правядзенні расследавання па ўстанаўленні прычын наяўнасці забароненых і шкодных рэчываў у прадукцыі гэтых
прадпрыемстваў і распачаць меры па забеспячэнні паставак прадукцыі, якая адпавядае ветэрынарна-санітарным патрабаванням і нормам Мытнага саюза і Расіі", — дапаўняе расійскае
ведамства.
Раней Рассельгаснагляд забараніў увоз прадукцыі дзевяці беларускіх прадпрыемстваў з-за прэтэнзій да яе бяспекі. Абмежаванні закранулі такія прадпрыемствы, як ТАА ЗП "Інка-Фуд", філіял
"Сервалюкс Агра" СЗАТ "Сервалюкс", ААТ "Смалявіцкая бройлерная птушкафабрыка", ААТ "Агракамбінат Дзяржынскі"; ААТ "Бабуліна
крынка", ЗТАА "Белавежскія далікатэсы", ААТ "Бярозаўскі мясакансервавы камбінат", ААТ "Брэсцкі мясакансервавы камбінат", ААТ "Гомельскі
мясакамбінат".
Акрамя таго, паводле інфармацыі Рассельгаснагляду, уведзена забарона на прадукцыю Слуцкага мясакамбіната, у сувязі з выяўленнем у каўбасе генома віруса афрыканскай чумы свіней.
Аляксей Арэшка, БелаПАН