Рост падаткаў справакуе рост «шэрай эканомікі»

У нашай краіне «шэрая эканоміка» можа дасягаць нават 45 працэнтаў. І сёлета яна можа толькі вырасці.

Фота pravo.by

Фота pravo.by


Беларускі кіраўнік падчас нарады з Саветам Міністраў запатрабаваў узмацніць захады за парушэнне падатковага заканадаўства, піша “Белсат

Лукашэнка падчас сустрэчы з міністрамі абурыўся заробкам у канвертах. Ён палохаў прысутных, што за такія парушэнні мусіць быць вельмі сур’ёзная адказнасць, і аддаў распараджэнне неадкладна выканаць ягоны загад.

«Увядзіце самыя жорсткія захады за парушэнне заканадаўства ў справе падаткаабкладання. Увядзіце амерыканскія законы, якія дзейнічаюць у Злучаных Штатах Амерыкі. Давайце прымем іх. Ніхто крытыкаваць не будзе — аплот дэмакратыі. Там падаткаабкладанне рэгулюецца жорстка, і за нявыплату падаткаў — там шалёныя тэрміны. А ў нас цэлыя галіны сыходзяць у цень, і мы на гэта спакойна глядзім», – сказаў Лукашэнка.

Насамрэч, кажуць эканамісты, праблема не развязваецца жорсткімі захадамі. У нашай краіне «шэрая эканоміка» можа дасягаць нават 45 %.

«У нас даволі ёмістыя плацяжы, якія мусяць аплочваць працадаўцы. Так, напрыклад, выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны складаюць нават больш за 30 %. Калі глядзець па шкале Філіпса, калі фізічныя ці юрыдычныя асобы абкладваюцца такім падаткам, то заўсёды будзе тэндэнцыя павелічэння колькасці выпадкаў ухілення ад падаткаў. Я не думаю, што ў нас праблема маштабная, але яна ёсць. І калі выплаты ў бюджэт будуць складаць больш за 30 % ад заробку, то праблема будзе захоўвацца. І тут развяжа праблему не жорсткасць, а значэнне стаўкі, якую мы плацім», — патлумачыў «Белсату» Валер Палхоўскі, старшы аналітык «Forex».

Сёлета ў выніку істотнага росту падаткаў «шэрая эканоміка» можа толькі вырасці, прагназуюць эксперты.