Румас: Нацбанк не будзе штучна стрымліваць беларускі рубель
Прэм'ер-міністр Сяргей Румас пракаментаваў зніжэнне цэн на нафту ў свеце і ваганні на валютным рынку.
Пакуль яшчэ нельга ацаніць усе наступствы рэзкага зніжэння цэн на нафту і дэвальвацыі расійскага рубля, аднак беларускі Нацбанк будзе прытрымлівацца рыначных тэндэнцый. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, калі каментаваў БЕЛТА сітуацыю на адпаведных рынках і тое, як гэта ўплывае на Беларусь.
"Думаю, цяпер яшчэ нельга ацаніць усе наступствы дэвальвацыі расійскага рубля і рэзкага зніжэння цэн на нафту. Будзем глядзець, як будзе развівацца сітуацыя. Расіяне выпусцілі заяву, што Мінфін будзе прадаваць валюту. Гэта такое неардынарнае рашэнне. І першыя некалькі дзён гэтага тыдня пакажуць, як будзе развівацца сітуацыя з расійскім рублём. Адпаведна, і наш Нацыянальны банк зыходзячы з гэтага будзе выбудоўваць сваю стратэгію", — адзначыў прэм'ер-міністр.
"У любым выпадку, Нацыянальны банк будзе прытрымлівацца рыначных тэндэнцый і не будзе штучна стрымліваць беларускі рубель", — заявіў Сяргей Румас.
Сяргей Румас таксама распаваёў, якія плюсы або мінусы для Беларусі нясе ў сабе зніжэнне цэн на нафту ў свеце. "Гэта сёння дадатковыя магчымасці дамовіцца з Расійскай Федэрацыяй. Паколькі сітуацыя, якая ёсць сёння, значна адрозніваецца ад сітуацыі ў снежні або студзені", — сказаў кіраўнік урада.
А калі адказваў на пытанне, ці будуць задзейнічаны нейкія рэзервы, Сяргей Румас сказаў: "Калі Нацыянальны банк будзе арыентавацца на рыначную кан'юнктуру попыту і прапанавання, то гэта не будзе прыводзіць да залішняга расходавання золатавалютных рэзерваў. У гэтым заключаецца яго стратэгія".
Прэм'ер-міністр пацвердзіў, што рыначная цана на нафту таксама гэткім жа чынам паўплывае і на перагаворы з альтэрнатыўнымі пастаўшчыкамі нафты.