Танная нафта: а нам што?
Падчас таргоў 9 сакавіка кошт травеньскіх ф'ючарсаў на нафту Brent упаў на 30% — да 31,68 долара за барэль. Паводле ацэнкі Bloomberg, гэта наймацнейшае падзенне з часоў вайны ў Персідскім заліве ў 1991 годзе.
Эксперты звязваюць моцнае падзенне цэнаў на нафту з развалам нафтавага пагаднення паміж Расіяй і АПЕК. «Мы лічым, што АПЕК і Расія на гэтых выходных пачалі цэнавую вайну», — гаворыцца ў справаздачы Bloomberg.
Таргі ў пятніцу завяршыліся падзеннем на 9%, да 45 долараў за барэль, на навінах пра тое, што Расія адмовілася далучыцца да дадатковага скарачэння нафтаздабычы, на якім настойвала Сірыя і яе блізкаўсходнія партнёры, а здзелка АПЕК+ дэ-факта развалілася.
У суботу дзяржаўная нафтавая кампанія Саудаўскай Аравіі Saudi Aramco абвясціла беспрэцэдэнтнае зніжэнне коштаў на сваю нафту для кліентаў на ўсіх рынках. Партыі гатункі Arab Light з адгрузкай ў красавіку патаннелі на 6 долараў для Азіі, на 7 долараў — для ЗША і на 8 долараў — для Еўропы, дзе саудаўская нафта канкуруе з расійскай Urals.
Адначасова плануецца рэзка нарасціць здабычу нафты, распавялі Bloomberg крыніцы ў Эр-Рыядзе. Па іх словах, ужо ў красавіку Saudi Aramco будзе пампаваць 10–11 млн барэляў у суткі супраць 9,7 млн цяпер. Вытворчыя магутнасці дазваляюць кампаніі нарасціць здабычу да 13 млн барэляў у дзень.
Рынак нафты атрымлівае патройны ўдар: шок прапановы (павелічэнне саудаўскай здабычы) накладваецца на шок попыту (з-за каронавіруса), і пры гэтым адсутнічае балансуючы вытворца, здольны прыбраць лішнія барэлі і згладзіць сітуацыю, піша аналітык Rapidian Energy Боб МакНэллі.
Што гэта дасць Беларусі? Як сказаў у інтэрв’ю «Новаму Часу» эканаміст Барыс Жаліба, нічога добрага нас не чакае. Найперш, у сувязі з падзеннем коштаў на нафту беларускія нафтапрадукты, як не дзіўна, не патаннеюць. «З падзеннем коштаў на нафту знізіцца кошт і нафтапрадуктаў, якія Беларусь экспартуе. Да таго ж, знізіцца кошт нафтапрадуктаў з той нафты, якую мы ўжо закупілі па больш высокіх цэнах — у Гуцырыева і гэтак далей. Гэта азначае, што наш бюджэт і нафтавыя заводы недаатрымаюць прыбытак. І ў канцэрна “Белнафтахім” з’явіцца падстава казаць пра тое, што нашым нафтаперапрацоўчым заводам патрэбная падтрымка», — патлумачыў эканаміст.
Пры гэтым спадар Жаліба чакае, што ў сувязі са зніжэннем коштаў нафты адбудзецца падзенне курса расійскага рубля, а за ім — і беларускага, бо нашая эканоміка моцна завязаная на Расію. Ён нагадвае, што самы неспрыяльны і крызісны варыянт расійскага бюджэту прадугледжваў кошт нафты ў раёне 40 долараў за барэль. А цяпер кошт нафты знізіўся нават менш за гэты паказнік.
А таму — будзе таннець расійскі рубель, адпаведна, будзе падаць у грашовым выразе беларускі экспарт. І таму — узнікае верагоднасць вагання курсаў беларускага рубля і яго падзення.
Ну і, зразумела, Барыс Жаліба адзначыў, што нашыя ўлады атрымалі лішні козыр у перамовах з расійскімі нафтавымі кампаніямі па кошце паставак. Сёння ў нас няма доўгатэрміновых кантрактаў, і таму можна «ціснуць на зніжэнне коштаў».
Так што падзенне кошту нафты — гэта не станоўчы фактар для перамоўнага працэсу з расійскімі пастаўшчыкамі, але даволі адмоўны, як ні дзіўна, — для беларускай эканомікі ў цэлым.