Рынкі некалькіх гарадоў спынілі працу ў пратэст новым правілам гандлю
Прадпрымальнікі Віцебска, Лепеля, Магілёва і Бабруйска спынілі на дзень працу ў знак пратэсту супраць новых правілаў гандлю, прадугледжаных указам Лукашэнкі № 222.
У Віцебску на рынку «Смаленскі» сёння не працуюць 95% прадаўцоў, на «Эвікоме» — 90%, на рынку «Беларусь» — 40%, на «Полацкім» — 30%. Цалкам спыніў працу рынак у горадзе Лепель Віцебскай вобласці.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміла старшыня аргкамітэта па стварэнні прафсаюза індывідуальных прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч.
«Людзі зачынілі свае працоўныя месцы, таму што ў нас бязвыхаднае становішча — мы не можам працаваць з 1 ліпеня. На сённяшні дзень усе рынкі Віцебска, акрамя новага, так ці інакш падтрымалі дадзеную акцыю. Смаленскі рынак, напрыклад, падтрымаў нас амаль цалкам — на 90-95%, там працуюць толькі прадуктовыя кропкі», — адзначыла яна.
Страйк таксама падтрымалі прадпрымальнікі Магілёва і Бабруйска.
Нагадаем, 16 траўня Лукашэнка падпісаў скандальны ўказ № 222, які забараняе ІП з 1 ліпеня гандляваць без сертыфікатаў і суправаджальных дакументаў на тавары. Па словах шматлікіх прадпрымальнікаў, з ліпеня яны будуць вымушаныя зачыняцца, таму што працаваць па новых умовах проста немагчыма, а 80 тысяч іпэшнікаў застануцца без працы.