S&P павысіла крэдытны рэйтынг Беларусі і прагназуе эканамічны рост на 2%
Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standart & Poor’s павысіла доўгатэрміновы суверэнны крэдытны рэйтынг Беларусі па абавязаннях у замежнай і нацыянальнай валюце да ўзроўню «В» і захавала стабільны прагноз. Кароткатэрміновы рэйтынг па тых самых абавязаннях пацверджаны на ўзроўні «В», паведамляе TUT.by са спасылкай на S&P.
Агенцтва заяўляе, што паляпшэнню доўгатэрміновага рэйтынгу паспрыялі рост ВУП Беларусі і забеспячэнне знешняга фінансавання: выпуск еўрааблігацыяў і атрыманне афіцыйных крэдытаў. Гэта дазволіць краіне забяспечыць большую частку сваіх патрэбаў у фінансаванні на 2018 год.
Эксперты S&P прагназуюць эканамічны рост Беларусі ў 2017-2020 гадах у сярэднім на 2%. Гэта стане магчымым дзякуючы нармалізацыі двухбаковых адносінаў з Расіяй, а таксама паляпшэнню эканамічных паказнікаў у асноўных гандлёвых партнёраў.
Пры гэтым агенцтва адзначае, што пашырэнне эканамічнай актыўнасці сёлета выкліканае найпершў цыклічнымі, а не структурнымі фактарамі. Урад ужо не зацікаўлены ў атрыманні крэдыту ад МВФ і таму не мае стымула праводзіць маштабныя рэформы.
Паводле «Еўрарадыё»