Сямашка: На будаўніцтва БелАЭС зэканомяць

Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка заяўляе, што будаўніцтва Беларускай АЭС будзе танней $ 10 млрд.



aes_astr.jpg

«Зыходзячы з усіх пазіцый, я думаю, што будаўніцтва будзе значна танней, чым $10 млрд. Нашы калегі (генпадрадчык — Інтэрфакс) кажуць, што наша станцыя будзе самай таннай на постсавецкай прасторы да моманту яе пуску», — сказаў У.Сямашка ў Мінску на форуме «Атамэкспа Беларусь 2015».

У сувязі з гэтым віцэ-прэм’ер растлумачыў, што кантракт на будаўніцтва станцыі і ўся дакументацыя падпісвалася ў расійскіх рублях, а крэдыты браліся ў доларах.

«У праекце мы закладвалі 28,5 расійскіх рублёў за 1 долар. Было ўсё нармальна, але пачаў валіцца расійскі рубель. Сёння, вы бачыце, які курс. Усе гэтыя мінусы на плюсы і даюць нам плюсік — станцыя будзе каштаваць танней», — сказаў У.Сямашка.

У сваю чаргу першы намеснік гендырэктара «Расатама» Аляксандр Лакшын паведаміў журналістам, што паўсталі складанасці пры правядзенні тэндэраў для будаўніцтва АЭС.

«Пераможцы заключалі кантракты ў рублях, а затым адмовіліся ад выканання кантрактаў», — сказаў ён, дадаўшы, што аб’яўляліся новыя конкурсы.

«Праводзім новы конкурс — але гэта праблема не «Расатама». Кошт па выніках новага конкурсу можа быць вышэй. Улік магчымых ваганняў. Па існых дамовах — індывідуальныя рашэнні», — сказаў ён.

Як паведамлялася, расійскія спецыялісты будуюць «пад ключ» два энергаблокі АЭС на 2,4 ГВт. На будаўніцтва станцыі Расія выдзеліла крэдыт у $10 млрд.