Сямашка: Пастаўляць бензін у Расію — гэта працаваць сабе ў страту
Пастаўкі бензіну ў Расію сёння эканамічна нявыгадныя — так пракаментаваў віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка спыненне паставак бензіну на расійскі рынак.
Фота ria.ru
"Для нас пастаўляць сёння бензін у Расію — працаваць глыбока ў страту", — заявіў ён журналістам 2 лютага ў Мінску на цырымоніі адкрыцця выставы
"Электратэх", адказваючы на пытанне БелаПАН.
"У нас ёсць пагадненне ад 29 мая 2014 года аб стварэнні ЕАЭС. Там дакладна агаворана: што тычыцца балансу паліўна-энергетычных рэсурсаў і ўзаемных паставак, яны ажыццяўляюцца па прынцыпе
зваротнага падліку", — сказаў Сямашка.
Беларусь гэтым і кіруецца, падкрэсліў віцэ-прэм'ер. "Сёння цана сапраўды істотна ніжэйшая, розніца даходзіць да 100 долараў за тону", — паведаміў Сямашка. Пры
гэтым ён дадаў, што "рэнтабельнасць рэалізацыі беларускіх НПЗ вельмі далёкая ад гэтых 100 долараў".
З іншага боку, адзначыў віцэ-прэм'ер, у Расіі цяпер не адчуваецца дэфіцыту высокаактанавых бензінаў, напрыклад маркі Еўра-4. "Расія таксама не стаіць на месцы, іх НПЗ
мадэрнізуюцца, укладваюцца грошы. Але мы са сваімі заводамі крыху іх апярэдзілі, сёння ўжо бензін маркі Еўра-5 выпускаецца і ў ААТ "Нафтан", і на Мазырскім НПЗ",
— сказаў Сямашка.
Ён таксама заўважыў, што ў Расіі цяпер існуе прафіцыт нафтапрадуктаў. Калі падчас пасяўной або уборачнай кампаніі на расійскім рынку паўстане дэфіцыт, то Беларусь, магчыма, будзе яго папаўняць,
дапусціў Уладзімір Сямашка.
Аб спыненні паставак у Расію беларускага бензіну стала вядома на мінулым тыдні. Расійская газета "Известия" са спасылкай на крыніцы ў нафтахімічным комплексе РФ паведаміла, што
апошнія пастаўкі расійскім трэйдарам былі ажыццёўлены ў пачатку студзеня. Іх аб'ём склаў усяго 239 тон, 0,2% ад паставак у студзені 2015 года (101,6 тыс. тон), прытым што звычайна доля
беларускага бензіну на расійскім рынку складае 3—5%.
29 студзеня намеснік міністра энергетыкі РФ Анатоль Яноўскі заявіў журналістам, што Мінэнерга РФ не задаволена тым, як Беларусь выконвае свае абавязацельствы па пастаўках бензіну і
прапанавала расійскаму ўраду прыняць меры ў адказ.
Эксперты не выключаюць, што ў якасці меры ў адказ Расія можа скараціць квоты на пастаўку ў Беларусь нафты.
Марына Носава, БелаПАН