Расія. ЕСПЧ разгледзіць скаргі ЛГБТ-супольнасці на забарону мерапрыемстваў

Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) прыняў да разгляду дзве справы аб забароне больш за сотню публічных мерапрыемстваў ЛГБТ-супольнасці ў гарадах Расіі ў перыяд з 2009 па 2015 гады.



d31c3131_7e6c_4605_bd5d_5c053aba5ff8_w640_r1_s.jpg

Акцыя пратэсту "Марш супраць нянавісці" у Пецярбургу, 2014 г. Фота Reuters

У ліку заяўнікаў па абодвух справах — заснавальнік руху Маскоўскага гей-прайду Мікалай Аляксееў, яго маці Ірына Аляксеева, а таксама ЛГБТ-актывісты Кірыл Няпомняшчы, Соф'я Міхайлава, Яраслаў Еўтушэнка і Марыя Румянцава, паведамляе Руская служба "Радыё Свабода".

Яны сцвярджаюць, што расійскія ўлады парушылі ў дачыненні да іх тры артыкулы Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод: права на свабоду сходаў, права на эфектыўны сродак судовай абароны і артыкул аб забароне дыскрымінацыі.

Заяўнікі маюць намер дамагацца ад расійскіх уладаў кампенсацыі шкоды.

Нагадаем, што 21 кастрычніка 2010 года Еўрапейскі суд пастанавіў па справе "Аляксееў супраць Расіі", што, забараніўшы публічныя акцыі трох Маскоўскіх гей-прайдаў у 2006, 2007 і 2008 гадах, расійскія ўлады парушылі правы Мікалая Аляксеева, гарантаваныя Еўрапейскай канвенцыяй, паведамляе партал GayRussia.ru.

І хоць расійскія ўлады выплацілі кампенсацыю заяўніку, яны да гэтага часу не выконваюць гэты вердыкт па сутнасці выкладзеных у ім прававых пазіцый.

Заснавальнік руху Маскоўскага гей-прайду, які з'яўляецца ключавым заяўнікам па абодвух справах, заявіў у панядзелак: "Гэтыя дзве справы ўяўляюць сабой велізарную працу, якую мы прарабілі за апошнія шэсць гадоў дзеля барацьбы за свабоду сходаў ЛГБТ-людзей у Расіі. Мы абсалютна ўпэўненыя ў сваёй перамозе ў Еўрапейскім Судзе і будзем дамагацца вялікай кампенсацыі шкоды ад расійскіх уладаў".