Сярэдні заробак лекара — амаль 1000 долараў. Вы ў гэта верыце?

Міністэрства аховы здароўя абяцае, што ў 2023 годзе заробкі медыкаў стануць яшчэ больш.

_hutkaja_dapamoha___medycyna__reanimacyja___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Заробкі ў сістэме аховы здароўя павялічыліся на 55% у параўнанні з дакавідным перыядам. Аб гэтым заявіла першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Краткова.

«З 1 ліпеня ў сістэме аховы здароўя былі адмененыя кавідныя надбаўкі. Грошы, выдзеленыя для гэтых выплат, трансфармаваны ў іншыя стымулюючыя надбаўкі. Гэта дазволіла не толькі захаваць, але і павысіць заработную плату. Па выніках кастрычніка сярэдні заробак у сістэме аховы здароўя-больш за 1,3 тыс. рублёў. У параўнанні з дакавідным перыядам рост склаў 55%. Сярэдняя заработная плата ў лекараў — 2276 рублёў. Гэта 139,1% ад сярэдняй зарплаты па краіне. Перад намі стаіць задача да 2025 годзе давесці яе да 150%», — распавяла Алена Краткова.


Паводле слоў першага намесніка міністра, у сярэдніх медыцынскіх работнікаў зарплата складае ў сярэднім 1306 рублёў. Гэта 80% ад сярэдняй зарплаты па краіне. Да 2025 годзе гэты паказчык плануецца павялічыць да 90%. У цяперашні час у Міністэрстве аховы здароўя прапрацоўваецца пытанне па ўвядзенні іншых стымулюючых надбавак, якія дазволяць павысіць заработную плату з пачатку 2023 года.

У Беларусі ў кастрычніку, па афіцыйных даных, сярэдняя зарплата склала 1 636,4 рубля. Прынамсі так сцвярджае Белстат. Гэтая сума практычна не змянілася ў параўнанні з вераснем, тады яна была на ўзроўні 1637 рублёў. Гэта на 28,9 рубля менш, чым было ў жніўні.


Цікава, ці заўважылі медыкі, што ў іх, аказваецца, заробак амаль у 1000 долараў. Відаць, “вялікія” заробкі і “цудоўныя” ўмовы працы і прымушаюць іх з’язджаць з нашай краіны для жыцця. Па некаторых падліках, Беларусь ужо пакінулі каля 5000 спецыялістаў.

Падзяліцеся сваім меркаваннем наконт заробкаў медыкаў у нашых сацсетках і чат-боце тэлеграма.