Скарачэнне абаненцкай базы аператар life:) тлумачыць "чысткай ад мёртвых душ"

Істотнае скарачэнне абаненцкай базы аператара сотавай сувязі life:) тлумачыцца "чысткай ад мёртвых душ", заявіў 8 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску генеральны дырэктар ЗАТ "БеСТ" (гандлёвая марка life:)) Ісмет Языджы.



life.png

Колькасць абанентаў life:) за студзень—верасень 2012 года скарацілася на 800 тысяч. У канцы 2011 года ў кампаніі налічвалася 1,8 млн. абанентаў.


Гендырэктар прызнаў, што адток абанентаў быў немалым, але праблема тут не ў якасці паслуг. "Мы раздавалі сім-карты направа і налева. Але людзі мала іх выкарыстоўвалі, і статыстыка ў выніку паказвала адток абанентаў. Цяпер гэтая палітыка змянілася", — растлумачыў Ісмет Языджы.


"Факт страты тысяч абанентаў выклікаў рэзананс у прэсе. Аднак мы ўсяго толькі ачысцілі сваю абаненцкую базу ад неактыўных абанентаў, ад "мёртвых душ". Гэта не толькі палепшыла фінансавыя паказчыкі, але і дазволіла нам стаць бліжэй да нашых абанентаў, зразумець, чаго яны хочуць на самой справе і якія паслугі найбольш запатрабаваныя. Акрамя таго, пасля скарачэння неактыўных абанентаў мы ўпершыню за сваю гісторыю выйшлі на аперацыйны прыбытак", — падкрэсліў гендырэктар.


Ён звярнуў увагу, што аперацыйны прыбытак быў дасягнуты ў вельмі сціслыя тэрміны — менш як за чатыры гады з пачатку дзейнасці кампаніі.


Ісмет Языджы паведаміў, што за тры кварталы 2012 года даходы life:) выраслі на 79% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Выручка ад продажу мабільных прылад павялічылася на 190%. Найбольш значна ўзрос за студзень—жнівень сярэдні даход з абанента — на 269%.


У снежні life:) плануе адкрыць цэнтр апрацоўкі даных. Паводле слоў гендырэктара, гэты цэнтр кампанія планавала адкрыць восенню, але тэрміны яго стварэння зацягваюцца. На гэты момант закуплена неабходнае абсталяванне (перш за ўсё серверы), завяршаюцца будаўнічыя работы. Найбліжэйшым часам кампанія разлічвае перайсці непасрэдна да арганізацыі дата-цэнтра.


ЗАТ "Беларуская сетка тэлекамунікацый" — гандлёвая марка life:) — было зарэгістравана 5 лістапада 2004 года. 29 ліпеня 2008 года ўвайшло ў міжнародную групу кампаній Turkcell. Цяпер заснавальнікамі кампаніі "БеСТ" выступаюць Turkcell Group (80%) і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі (20%).


БелаПАН