Скажы мне, хто твой партнёр — і я скажу, хто ты. Беларусь арганізоўвае бізнес-форум з Кубай
27 верасня ў Беларусі пройдзе бізнес-форум, арганізаваны Беларускай гандлёва-прамысловай палатай. Беларускую стабільнасць будуць развіваць сумесна з кубінскай.

Кубінцы дапамогуць Беларусі ўмацаваць эканамічную стабільнасць
Беларусь рыхтуецца прыняць кубінскую дэлегацыю, сумесна з якой чыноўнікі збіраюцца «прасоўваць беларускі экспарт» і «развіваць стабільныя ўзаемавыгадныя эканамічныя сувязі», паведамляе Беларуская гандлёва-прамысловая палата.

Склад дэлегацыі з Кубы сур'ёзны: Гандлёва-прамысловая палата Кубы, Міністэрства знешняга гандлю і замежных інвестыцый, Цэнтр малекулярнай імуналогіі, Навукова-тэхналагічны парк Гаваны, Універсітэт інфармацыйных навук, Бізнес-група металургічнай прамысловасці, кампанія па вытворчасці аўтобусаў, машынабудаўнічая кампанія, кампанія па пераапрацоўцы кавы і іншыя.
Нагадаем, Куба ўжо не адзін год перажывае цяжкі эканамічны крызіс. Краіна знаходзіцца ў эканамічнай блакадзе пасля накладзенага Злучанымі Штатамі эмбарга на любыя эканамічныя сувязі з кубінскім урадам. Знешні гандлёвы баланс Кубы знаходзіцца ў мінусе на мільярды долараў, сярэдні заробак у краіне — каля $140, а інфляцыя ў гэтым годзе склала больш за 32%. У жніўні 2022 года курс долара павялічыўся ў пяць разоў: цяпер адзін долар ЗША каштуе 120 кубінскіх песа (замест ранейшых 24 песа).

У краіне не хапае прадуктаў і лекаў. У мінулым годзе Беларусь накіроўвала на Кубу гуманітарную дапамогу на мільён рублёў.