Спробы абмежаваць легальны імпарт прывядуць да росту нелегальнага імпарту, канстатуе эксперт

Спробы ў якой бы там ні было форме абмежаваць легальны імпарт прывядуць да росту нелегальнага імпарту — шэрага і нават крымінальнага, упэўнены кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін. 



mpart.jpg

Так ён пракаментаваў БелаПАН не толькі і не столькі пастанову ўрада № 666 (фактычна ўводзіць некаторыя нетарыфныя абмежаванні для імпартных тавараў), колькі спробы абмежаваць імпарт, "якія кіраўніцтва краіны несумненна распачне ў выпадку далейшага пагаршэння эканамічнай сітуацыі". 


Паводле слоў эксперта, практыка паказвае, што прымусіць беларускі народ адмовіцца ад імпартных тавараў і падтрымаць айчыннага вытворцу заўсёды былі беспаспяховыя, "але ўлады з дзіўнай настойлівасцю рэгулярна наступаюць на свае ж граблі". 


"Але ўсялякія абмежаванні легальнага імпарту тавараў (тарыфныя і нетарыфныя) вядуць да росту шэрага імпарту або адкрытай кантрабанды, — канстатаваў Балыкін. — Абмежаванне працы легальных імпарцёраў і выкліканы гэтым рост цэн на імпартныя тавары робяць рэнтабельнай працу рознага роду чаўнакоў, якія прывозяць імпартны тавар у баулах і па шэрых схемах. Улады могуць колькі хочаце змагацца з нелегальнымі прадаўцамі, але калі тыя змогуць прапанаваць пакупніку тавар па прывабнай цане, то ўсе спробы абмежаваць іх дзейнасць будуць неэфектыўныя". 


У сувязі з гэтым эксперт нагадаў, якім масавым быў рух чаўнакоў у канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў. Шмат у чым гэта тлумачылася забюракратызаванасцю і высокімі выдаткамі легальных імпартных схем. 
 

"Практыка паказвае, што толькі лібералізацыя знешняга гандлю прыводзіць да зніжэння цэн на імпартныя тавары і стварэння цывілізаванага рынку, — упэўнены кіраўнік АМіСП. — На жаль, беларускае кіраўніцтва зацята адмаўляе такія відавочныя рэчы". 


Балыкін таксама адзначыў, што абмежаванне імпарту не вядзе ні да павышэння якасці айчыннай прадукцыі, ні да зніжэння цэн. "Вытворца расслабляецца, страчвае навык канкурэнтнай барацьбы і лічыць, што беларускі спажывец набудзе яго тавар, якім бы дарагім ён ні быў", — сказаў ён. Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН