Сусветны банк: эканоміку Беларусі чакае самая вялікая рэцэсія за 25 гадоў
Такі прагноз Сусветны банк апублікаваў у сваім краінавым аглядзе, паведамляе Белсат.
Чакаецца, што ў 2020 годзе эканоміка Беларусі скараціцца на 4%. Гэты стане самым вялікім зніжэннем тэмпаў росту за апошнія 25 гадоў. Галоўная прычына эканамічнага спаду – пандэмія COVID-19.
Эксперты Сусветнага банку мяркуюць, што і ў сярэднетэрміновай перспектыве захаваюцца нізкія тэмпы росту.
«Дзейныя і своечасовыя антыкрызісныя захады дазволяць паменшыць сацыяльна-эканамічныя наступствы пандэміі, забяспечыць больш хуткі рост і спрыяць спрошчанай карэктыроўцы. Умацаванне сістэм сацыяльнай абароны мае вялікае значэнне для пераадольвання ўзроўню беднасці», – гаворыцца ў аналітычнай нататцы.
Сярод асноўных захадаў спецыялісты Сусветнага банку прапаноўваюць:
- узмацніць сістэму сацыяльнай дапамогі
- адтэрмінаваць выплату ўнёскаў на сацыяльнае страхаванне
- субсідаваць крэдытаванне і занятасць
- прыпыніць рэгуляванне прадпрымальніцкай дзейнасці
Па іхных ацэнках падзенне эканомікі Беларусі звязанае з памерам знешняга доўгу. Па стане на 2019 год ён складае 46,8% ад ВУП. Большая частка пазыкаў былі ўзятыя ў Расеі і Кітая.
Эксперты адзначаюць, што дадзены прагноз з’яўляецца няпэўным і мусіць разглядацца як адзін з мноства сцэнарыяў развіцця эканомікі. Магчыма ўжо ў 2021 годзе рост складзе 1%.