Камітэт па правах чалавека ААН патрабуе не высылаць курда Хіджры Мамаша з Беларусі

Камітэт па правах чалавека ААН вынес рашэнне аб прымяненні часовых мер да грамадзяніна Турцыі Хіджры Мамаша, якога Беларусь збіраецца выдаць у Турцыю, дзе яму пагражаюць катаванні. Гэта значыць, што КПЧ патрабуе ад беларускага ўраду прыпыніць перадачу Мамаша да разгляду скаргі па сутнасці ў Камітэце.

photo_2020_05_04_15_12_23.jpg

Грамадзяніна Турцыі, курда Хіджры Мамаша затрымалі ў Беларусі ў ліпені 2019 года, абвінаваціўшы ў падробцы пашпарту. Яго планавалі дэпартаваць з Беларусі і забараніць уезд на 5 гадоў. Мамаш падаў заяву аб міжнароднай абароне ў Беларусі, але яму адмовілі.
У красавіку Генеральная пракуратура дазволіла яго выдачу на радзіму, дзе ён абвінавачваецца ў «замаху на адзінства і тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы». Хіджры сцвярджае, што ён не здзяйсняў такіх злачынстваў на тэрыторыі Турцыі і што яго пераследуюць па палітычных матывах з-за ўдзелу ў мірных акцыях і агітацыі моладзі ўступаць у Дэмакратычную партыю народаў, сябрам якой ён сам з'яўляўся некаторы час.
«Праваабарончая арганізацыя Human Constanta, якая аказвае Хіджры Мамашу юрыдычную падтрымку, звярнулася ў Камітэт па правах чалавека з просьбай аб часовых мерах, і зварот быў задаволены. 11 траўня Камітэт паведаміў аб ужыванні да Мамаша часовых мер, што азначае патрабаванне да беларускіх праваахоўных органаў не высылаць Мамаша, па меншай меры да таго часу, пакуль яго скарга не будзе разгледжаная ў Камітэце. Камунікацыя Камітэта не азначае, што Мамаша не выдадуць — гэта рашэнне па-ранейшаму застаецца на меркаванне беларускага боку. Тым не менш у нас ёсць пазітыўны прыклад, калі рашэнне Камітэта Беларусь улічыла і не выслала Мехрдада Джамшыдзіяна», — распавядае Эніра Браніцкая, каардынатарка напрамка па абароне правоў чалавека замежных грамадзян і асоб без грамадзянства Human Constanta.
У панядзелак, 1 чэрвеня, у 12:00 у Мінскім гарадскім судзе адбудзецца судовае паседжанне, дзе будзе разгледжана скарга на рашэнне Генеральнай пракуратуры пра выдачу Хіджры ў Турцыю для крымінальнага пераследу.
Адвакат Хіджры Мамаша Арцём Калоша, як і Human Constanta, лічыць, што мужчыну нельга выдаваць Турцыі, таму што там яму пагражаюць катаванні і палітычна матываваны пераслед. Акрамя таго, нават беларускі КДБ у заключэнні пра справу Хіджры Мамаша прызнаў, што не знайшоў перашкодаў для аказання яму міжнароднай падтрымкі.
Праваабаронцы заклікаюць падпісаць петыцыю, з просьбай не выдаваць Хіджры Мамаша Турцыі. Яны просяць выканаць тэрміновыя меры Камітэта па правах чалавека і даць мужчыну магчымасць застацца ў Беларусі. У пятніцу, 29 траўня, гэтую петыцыю разам з рашэннем КПЧ плануецца накіраваць у Адміністрацыю прэзідэнта. Магчыма, гэта адзіны шанец выратаваць Хіджры Мамашу жыццё.
humanconstanta.by