Траціна беларусаў не можа дазволіць сабе мінімум тавараў і паслуг

Не могуць дазволіць сабе мінімальны набор тавараў і паслуг больш за 3 мільёны беларусаў.



Фота www.amur.info

Фота www.amur.info

Беларусі трэці год запар расце колькасць тых, хто не можа дазволіць сабе мінімальны набор тавараў і паслуг. Так, у мінулым годзе ў краіне налічвалася 3 мільёны 10,3 тысячы чалавек (або амаль 34% ад агульнай колькасці насельніцтва краіны), сярэднедушавыя рэсурсы якіх не перасягалі мінімальны спажывецкі бюджэт у разліку на аднаго сямейніка ў сям’і з чатырох чалавек за месяц — 317,72 рубля.

Гэтыя звесткі падаюцца ў «Статыстычным штогодніку Рэспублікі Беларусь, 2018 год», паведамляе tut.by.

Мінімальны спажывецкі бюджэт — гэта выдаткі на набыццё набору спажывецкіх тавараў і паслуг для задавальнення асноўных фізіялагічных і сацыяльна-культурных патрэб чалавека. МСБ прымяняецца як сацыяльны нарматыў для прагназавання змяненняў роўню жыцця насельніцтва і ўзмацнення сацыяльнай падтрымкі людзям, якія жывуць у нястачы.

Пры падліку сярэднедушавога рэсурсу (даходу) бярэцца агульная сума даходаў, падзеленая на колькасць насельніцтва. Улічваюцца ўсе грамадзяне, у тым ліку беспрацоўныя, пенсіянеры, непаўналетнія.

Для параўнання: у 2016 годзе сярэднедушавыя рэсурсы 2 мільёнаў 719,2 тысячы беларусаў не перавышалі МСБ у разліку на аднаго сямейніка ў сям’і з чатырох чалавек на месяц, у 2015-м — 2 мільёны 112 тысяч чалавек, а ў 2014-м — 1 мільён 691,9 тысячы чалавек.

Нагадаем, колькасць насельніцтва з узроўнем сярэднедушавых рэсурсаў ніжэйшых за бюджэт пражытковага мінімуму ў мінулым годзе склала 528,1 тысячы чалавек (у 2016 годзе — 498,5 тысячы). Іх сярэднедушавыя рэсурсы былі ніжэйшыя за бюджэт пражытковага мінімуму ў разліку на душу насельніцтва за месяц — 192,4 рубля.

Колькасць маламаёмасных у Беларусі расце трэці год запар.
www.racyja.com