У Беларусі адмовяцца ад планаў па прыватызацыі
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ўхвалілі ў першым чытанні законапраект, які прадугледжвае адмову ад стварэння планаў па прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў.
"Законапраектам мяркуецца прыбраць планавасць прыватызацыі. Жыццё паказала, што існуючы парадак сябе не апраўдаў. Гэтыя планы не спрацоўваюць", — сказаў намеснік старшыні камісіі па эканамічнай палітыцы ніжняй палаты парламента Леанід Брыч журналістам, перадае interfax.by.
Як падкрэсліў Брыч, "лепш прыватызаваць прадпрыемства, якое ўжо само да такога гатовае: ёсць увесь пакет дакументаў для продажу, ёсць жаданне і дзяржавы, і прадпрыемства, і інвестара ў прыватызацыі".
Паводле слоў дэпутата, яшчэ адно істотнае змяненне — мяркуецца, што пачатковы кошт продажу прадпрыемства як маёмаснага комплексу, а таксама акцый прадпрыемстваў дзяржаўнай уласнасці, будзе вызначацца па рынкавым кошце.
Леанід Брыч адзначыў, што ў цэлым дадзены законапраект паспрыяе больш эфектыўнай карпаратыўнай дзейнасці прадпрыемстваў з дзяржаўным удзелам.
Законапраект аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон "Аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці і пераўтварэнні дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы" пасля дапрацовак павінен быць ухвалены дэпутатамі ў другім чытанні.