У Беларусі за мяжой беднасці знаходзіцца 4% насельніцтва

У Беларусі за мяжой беднасці знаходзіцца 4% насельніцтва, паведамляе Белстат. У лікавым выражэнні налічвалася каля 374 тысяч маламаёмных. Сярэднедушавыя наяўныя рэсурсы гэтых беларусаў былі ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму. Цяпер бюджэт пражытачнага мінімуму складае 288,01 рубля ў месяц.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Белстат правёў выбарачнае даследаванне хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця ў трэцім квартале. Паводле яго, за мяжой беднасці аказаліся 4% беларусаў.
Паводле звестак на 1 студзеня гэтага года, насельніцтва Беларусі складала 9 мільёнаў 349,6 тысячы чалавек. Больш свежыя даныя па колькасці насельніцтва не публікавалі. За мяжой беднасці ў ліпені-верасні знаходзіліся каля 374 тысяч чалавек.
Больш за ўсё трапілі за мяжу беднасці (у працэнтных суадносінах) ў Брэсцкай вобласці — 5,9% ад колькасці насельніцтва, а менш за ўсё — у Мінску (1,1%).
У Брэсцкай вобласці на пачатак года налічвалася 1 мільён 338 тысяч 44 жыхары. Гэта значыць, за мяжой беднасці было каля 79 тысяч чалавек.
У Мінску на пачатак года пражывала 2 мільёны 9 тысяч 786 чалавек. Калі зыходзіць з гэтых даных, то за мяжой беднасці было каля 22,1 тысячы мінчукоў.
На праблему малазабяспечаных раней звярталі ўвагу прафсаюзы. У Федэрацыі прафсаюзаў заяўлялі, што ў некаторых раёнах сярэдні заробак не дазваляе насельніцтву здзейсніць пакупкі і аплаціць паслугі ў межах мінімальнага спажывецкага бюджэту.