У Беларусі закрываецца яшчэ адна рознічная сетка

Крамы «Хатні» («Домашний») зачыняюцца па ўсёй краіне. Шэраг юрыдычных асоб, якія кіравалі аб'ектамі сеткі, знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі.

xxxl_4.jpg


Ключавыя юрыдычныя асобы аператара «Гама Рытэйл», «Прэм’ер Маркет», «Пантапаллео»,«Семела» і іншыя з 12 красавіка знаходзяцца ў ліквідацыі. Не працуе і сайт рытэйлера.

Пастаўшчыкі сталі атрымліваць ад крам «Хатні» сваё абсталяванне. Топ-менеджары сеткі звольніліся яшчэ ў канцы сакавіка, распавялі крыніцы TUT.BY. Атрымаць каментар у прадстаўніка рытэйлера не ўдалося.

У лютым 2021 года многія крэдыторы абрынуліся на «Хатні». Пастаўшчыкі паведамлялі пра даўгі на сотні тысяч рублёў. У адказ на гэта аператар стаў закрываць стратныя крамы, рэарганізоўваць свой бізнес шляхам выдзялення 16 кампаній і весці перамовы з новымі інвестарамі. У гэты ж час сітуацыяй зацікавіліся сілавікі, пастаўшчыкоў сталі выклікаць у ДФР — распавялі інфармаваныя крыніцы.

Паводле інфармацыі TUT.BY, у мінулую пятніцу сілавікі наведваліся ў галаўны офіс «НП-сервіса», які з’яўляецца буйным дыстрыбутарам тавараў паўсядзённага попыту. Гэтая кампанія лічыцца падкантрольнай заснавальніку сеткі крам «Хатні» Івану Беразоўскаму.

Месцазнаходжанне бізнесмена невядомае. Крыніцы TUT.BY у сувязі з гэтым успамінаюць выпадак з 2018 года. Тады сілавікі таксама падазравалі «НП-Сервіс» ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Беразоўскі некаторы час быў у Лондане, але потым вярнуўся ў Беларусь і вырашыў пытанні. У Следчым камітэце паведамілі, што ўладальнік «НП-сервіса» кампенсаваў устаноўленую шкоду па справе, таму яго не заключалі пад варту, а ўзялі абавязацельства аб яўцы.

Атрымаць каментар у ДФР і СК не ўдалося.

Гісторыя крам «Хатні» пачалася з 3 лютага 2016 года, калі быў адкрыты першы супермаркет у Мінску. На піку поспеху сетка налічвала больш за 75 магазінаў у розных гарадах Беларусі.