У Гродне хочуць ліквідаваць «Цэнтр гарадскога жыцця»
Пракурор Уладзімір Клішын з гродзенскай пракуратуры падаў у Эканамічны суд Гродзенскай вобласці пазоў на ліквідацыю культурна-асветніцкай установы «Цэнтр гарадскога жыцця». Падрыхтоўчае пасяджэнне прайшло 20 красавіка ў Эканамічным судзе Гродзенскай вобласці, паведамляе «Белсат».
Стваральнік і дырэктар Цэнтра Павел Мажэйка заявіў у судзе, што інфармацыю пра пачатак працэсу атрымаў літаральна за некалькі гадзін перад тым. Ён хадайнічаў аб пераносе разгляду на пазнейшы тэрмін, каб паспець азнаёміцца з прэтэнзіямі пракурора і даць належны адказ.
У выніку працэс адклалі да серады, 21 красавіка.
У каментары «Белсату» Мажэйка назваў працэс палітычным: «Справу ліквідацыі "Цэнтра гарадскога жыцця" лічу палітычнай замовай. Бяздумна нішчыцца тое, чым нармальная ўлада магла б ганарыцца».
Гэтая ўстанова працуе ў Гродне амаль пяць гадоў і за гэты час стала культавым месцам для творчых асоб. Тут адбыліся ўжо больш за 250 культурніцкіх і асветніцкіх імпрэз, 35 выстаў, больш за сотню прэзентацый, творчых сустрэч, майстар-класаў, некалькі вялікіх фестываляў — такіх, як кінафэст «Watch Docs» і фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova», навуковыя канферэнцыі, канцэрты, прэзентацыі кніг і сустрэчы з літаратарамі.
19 сакавіка 2021 года ў «Цэнтры гарадскога жыцця» адкрылася выстава мастака Алеся Пушкіна. Сярод іншых твораў на ёй быў партрэт байца пасляваеннага партызанскага супраціву Яўгена Жыхара, які выклікаў абурэнне ўлад. Пракурор Гродна Уладзімір Клішын палічыў, што гэты твор парушае закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». На мастака пачалі крымінальную справу і ўзялі яго пад варту. А сам «Цэнтр гарадскога жыцця» хочуць зачыніць.
euroradio.pl