У дачыненні да кіраўнікоў «Амкадор-Шклоў» і «Купалаўскае» завялі крымінальную справу

Упраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Магілёўскай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу па фактах злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі з боку службовых асоб адкрытага акцыянернага таварыства «Амкадор-Шклоў» і таварыства з абмежаванай адказнасцю «Купалаўскае» — кіруючая кампанія холдынгу. Пра гэта TUT.BY паведаміў начальнік упраўлення ДФР КДК па Магілёўскай вобласці Аляксандр Шаройкін.

Фота: Анжаліка Васілеўская, TUT.BY

Фота: Анжаліка Васілеўская, TUT.BY

У выніку злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі з боку службовых асобаў ААТ «Амкадор-Шклоў» быў нанесены ўрон у асабліва буйным памеры. Яго сума пакуль не абвяшчаецца.
«Падчас сумеснай з Камітэтам дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці праверкі і падчас папярэдняга расследавання будзе дадзена прававая ацэнка работы службовых асоб вышэйзгаданых таварыстваў і органаў дзяржаўнага кіравання, якія не забяспечылі належныя ўмовы гаспадарання і вытворчай дысцыпліны, што прывяло да фактаў бескантрольнасці і безгаспадарчасці», — адзначыў Аляксандр Шаройкін.


Нагадаем, 26 сакавіка кіраўнік дзяржавы наведаў фермы аграхолдынга «Купалаўскае» ў Шклоўскім раёне. Пасля агляду гаспадаркі ён зайшоў у кароўнікі і на мехдвор. Там Лукашэнка застаўся вельмі незадаволены: назваў іх «Асвенцымам», запатрабаваў знайсці вінаватых і разабрацца з працай гаспадаркі. «Вы ўсе хворыя!», «Паглядзі на гэтую скаціну, яна ж уся абаср***ая», «Усіх пад нож, усіх да адзінага» — такой была рыторыка кіраўніка краіны з чыноўнікамі.
Пасля агляду прадпрыемства Лукашэнка загадаў пакуль зняць з пасад усіх вінаватых, а таксама даручыў старшыні КДК Леаніду Анфімаву распачаць крымінальныя справы.
Сваіх пасадаў у выніку «каровінага Асвенцыма» пазбаўленыя губернатар Магілёўскай вобласці Уладзімір Даманеўскі, старшыня Шклоўскага райвыканкама Васіль Віцюноў і памочнік кіраўніка дзяржавы па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў.
tut.by