Ці маральна параўноўваць недагледжанае быдла з ахвярамі Асвенцыму?
Аглядаючы адну з гаспадарак Шклоўшчыны, Аляксандр Лукашэнка параўнаў тамтэйшыя стайні, дзе ўбачыў схуднелых кароў, з Асвенцымам.
26 сакавіка, пад час наведвання малочна-таварнага комплексу “Сліжы” Адкрытага акцыянернага таварыства “Амкадор-Шклоў”, якое ўваходзіць у аграхолдынг “Купалаўскае”, не задаволены ўбачаным Лукашэнка заявіў, што прыспеў час прымаць новыя рашэнні: “Мы без тых 20-25% слабых гаспадарак, якія ў нас яшчэ ёсць, цалкам можам абысціся ў плане вытворчасці прадукцыі. Але там жывуць нашы людзі, там жа ёсць ворава, зямля, якую трэба апрацоўваць. Таму мы не кідаем гэтыя гаспадаркі, вёскі і людзей, а ўздымаем іх”.
Угледзеўшы, што адбываецца ў стайнях, правадыр не стрымліваў эмоцый: “Калі чалавек не разумее, што гэта Асвенцым, а вы яго ставіце кіраўніком холдынгу, я вас зусім не разумею”. Гэтыя гняўлівыя словы маглі быць скіраваны і на адрас кіраўніка Магілёўскага аблвыканкаму Уладзіміра Даманеўскага, і старшыні Шклоўскага райвыканкаму Васіля Віцюнова, і нават гэта мог быць камень у гарод кіраўніцы адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай, якой апошнімі днямі таксама багата перападала “на гарэхі”.
Лукашэнка па сваёй завядзёнцы запатрабаваў зняць з пасадаў усіх, хто вінаваты ў тых умовах, якія склаліся ў памянёнай гаспадарцы, ды завесці крымінальныя справы. “Каб на стале ляжаў спіс усіх, хто мяне тут суправаджаў. Апроч губернатара і іншых, тут былі яшчэ канкрэтныя асобы, якія мусілі за гэта адказваць. Завесці крымінальныя справы згодна ўсёй жорсткасці закона. Вінаваты — кайданкі і адразу ў следчы ізалятар”, — грымеў Лукашэнка.
Як след, пасадаў пазбавіліся і Даманеўскі, і Віцюноў. Вось толькі апошні накіраваўся не ў СІЗА, але быў тэрмінова прызначаны кіраўніком таго ж аграхолдынгу “Купалаўскае”. А выканаўцам абавязкаў старшыні Шклоўскага райвыканкаму прызначылі памочніка прэзідэнта па Магілёўскай вобласці Генадзя Лаўранкова. Такое рашэнне, пэўна, не вельмі ўзрадвала апошняга.
Ну, да эмацыйна-спантанных кадравых перастановак, ініцыяваных Лукашэнкам, за апошнюю чвэрць стагоддзя ў Беларусі ўжо прызвычаіліся. Але не заўжды гэта можна казаць пра выказванні бяззменнага кіраўніка краіны, якім ён час ад часу струменіць. Як і гэтым разам на Шклоўшчыне.
Як можна параўнаць стайні для худобы з самым буйным і жахлівым канцэнтрацыйным лагерам у гісторыі чалавецтва, дзе загінулі мільёны ні ў чым не вінаватых людзей? Як можна параўнаць недагледжанае быдла з людзьмі, якія ў Асвенцыме (Аўшвіцы) зведалі ўсе колы пекла? Як можна параўнаць кароўнік з месцам, прапітаным крывёй мільёнаў людзей — ахвяраў нацызму?
Ці задумаўся хоць на секунду той, хто зрабіў такое параўнанне? Лагер смерці Асвенцым стваралі нацыянал-сацыялісты ў часы Другой сусветнай вайны з мэтаю канвеернага знішчэння людзей. Калі сыходзіць з логікі афіцыйнага кіраўніка Беларусі, то можна задацца пытаннем, а з якой мэтаю ствараліся так званыя аграхолдынгі, якія замянілі (і ці замянілі?) сабою калгасы і саўгасы і дзе ёсць такія стайні? Ну?
Часам лепш маўчаць, чым гаварыць. Часам варта лепш кантраляваць свае эмоцыі і рабіць адэкватныя захады, чымся на нервах і імгненных парывах адбіваць злосць на сваіх падначаленых, ведаючы, што яны не змогуць адэкватна адказаць на правальную палітыку. А падобнымі недарэчнымі і нязграбнымі вокамгненнымі выказваннямі і параўнаннямі можна пакрыўдзіць памяць мільёнаў загіблых і іх нашчадкаў.