У Гомельскага хімічнага завода праблемы з-за вайны ва Украіне
Каля 79% валюты на прадпрыемства паступала ад украінскіх пакупнікоў.

Фота belfert.by
У Гомельскага хімічнага завода праблемы з-за вайны ва Украіне. Як пішуць "Гомельскія ведамасці", сёлета прадпрыемства планавала адправіць на экспарт 56% сваёй прадукцыі. Каля 79% валюты паступала ад украінскіх пакупнікоў.
З-за вайны пастаўкі ва Украіну мінеральных угнаенняў спыніліся, іх спадзяюцца прадаваць у Расію (але не раней за красавік). Для гэтага ў РФ праводзіцца сертыфікацыя часткі прадукцыі хімзавода і выбудоўваюцца "лагістычныя ланцужкі на ўсходні рынак".
"Частка супрацоўнікаў скарысталася сацыяльным адпачынкам", — кажа намеснік дырэктара па эканоміцы і фінансах Максім Манько пра цэхі, у якіх выраблялася прадукцыя для Украіны. Ён называе гэта "вымушанай аптымізацыяй". Тыя ж цэхі, якія былі арыентаваныя на ўнутраны рынак, працуюць.
Паводле Еўрарадыё