У Мінску да Еўрагульняў высадзяць кветак на 10 млн рублёў
Зялёны партал прыкладна ацаніў кошт дадатковых 6-7 мільёнаў кветак, якія высадзяць ў Мінску гэтым летам.
«У 2018-м у сталіцы было высаджана каля двух мільёнаў кветак, у гэтым годзе плануецца — восем-дзевяць мільёнаў», — заявіў 24 траўня кіраўнік Мінгарвыканкама Анатоль Сівак падчас сумеснага з Аляксандрам Лукашэнкам агляду прыдарожных тэрыторый МКАД.
Гэта значыць, што ў Мінску сёлета плануюць пасадзіць дадатковыя 6-7 мільёнаў кветак у параўнанні з мінулым годам. Нагода відавочная — правядзенне II Еўрапейскіх гульняў. Да 21 чэрвеня 2019 года ўсё павінна квітнець. Толькі вось цікавіць кошт пытання.
Дакладны спіс відаў кветак з цэнамі сабраць вельмі складана з улікам таго, што пасадкамі займаюцца не толькі «Зелянбуд», але і ЖКГ, а таксама мноства прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, якія не маюць прамога дачынення да азелянення.
Аднак прыблізна ацаніць выдаткі можна — узяўшы для прыкладу бягонію — адну з самых распаўсюджаных і недарагіх у азеляненні Мінска кветак. Уявім, што ўсе 6-7 мільёнаў кветак будуць бягоніі. Оптам у Мінскім парнікова-цяплічным камбінаце ў касетах па 24 штукі гэтыя кветкі каштуюць 1,34 рубля за штуку.
Кошт пасадкі кветак «Мінскзелянбуда» — каля 15 капеек за штуку. Атрымліваем, што ў пераліку на бягоніі кветкавыя выдаткі Еўрапейскіх гульняў складуць 8,94-10,43 млн рублёў. І гэта без уліку ўсялякіх жалезных кашпо, пластыкавых вазонаў і іншых мудрагелістых ёмістасцяў.
А цяпер давайце прыкінем, колькі за гэтыя грошы можна было б высадзіць нармальных дрэў, а не выкапаных у лесе дубчыкаў. Кошт ясеня-буйнамера вышынёй чатыры з паловай метры з тых, што былі высаджаныя ў красавіку добраахвотнікамі каля Зыбіцкай — 15 рублёў (калі самому дастаўляць і высаджваць).
А калі групавую пасадку робіць «Зелянбуд» Цэнтральнага раёна, то адно дрэва абыйдзецца ў 60 рублёў з грунтам. Разам нашых гіпатэтычных 8,94-10,43 мільёнаў рублёў хапіла б на 149-174 тысяч дрэў. Нармальных дрэў з добрай прыжывальнасцю з гадавальнікаў.
Цяпер пытанне, што паглынае больш вуглякіслага газу і вылучае больш кіслароду за час свайго жыцця — дрэва або кветка-адналетка? Адкажыце, спецыялісты Акадэміі навук!
Што стварае больш ценю, мацней зніжае тэмпературу навакольнага паветра, дрэва або кветка-адналетка? Адкажыце, навукоўцы-кліматолагі!
Што, нарэшце, валодае большай доўгачасовай каштоўнасцю, нават выяўленай у грошах? Адкажыце, ацэншчыкі БТІ!
Увага, правільны адказ: дрэвы.
А зараз успомнім аб дзяржаўным доўгу Рэспублікі Беларусь, які складае 44,1 млрд рублёў. З яго улікам трата 9-10 млн рублёў на кветкі выглядае як баль падчас чумы. Яркі баль.
Колькі магла б каштаваць высадка ў Мінску 6 і 7 млн бягоній
Колькасць | 1 штука | 6 млн штук | 7 млн штук |
Бягонія працыліс ружовая | 1,34 рубля | 8 040 тысяч рублёў | 9 380 тысяч рублёў |
Пасадка | 0,15 рубля | 900 тысяч рублёў | 1 050 тысяч рублёў |
Бягонія + пасадка |
1,49 рубля | 8 940 тысяч рублёў | 10 430 тысяч рублёў |