У Слаўгарадзе ў прыватнага прадпрыемства канфіскавалі каля 10 тысяч пар жаночага абутку
Гаспадарчы суд Магілёўскай вобласці прыняў рашэнне аб канфіскацыі ў прыватнага прадпрыемства са Слаўгарада жаночага зімовага абутку коштам больш за 1,5 млрд. рублёў.
Як паведамляе прэс-цэнтр Міністэрства па падатках і зборах, 13 лістапада пры праверцы складскога памяшкання, якое знаходзіцца ў падпарадкаванні правяраемага суб`екта гаспадарання, аператыўныя
супрацоўнікі з інспекцыі МПЗ па Слаўгарадскім раёне і АБЭЗ Слаўгарадскага РАУС выявілі захоўванне 9.705 пар моднага зімовага абутку тыпу "угі" без кантрольных
(ідэнтыфікацыйных) знакаў.
Паводле даных МПЗ, па атрыманне кантрольных знакаў прадпрыемства не звярталася. "Паводле слоў камерсантаў, уся партыя абутку забракаваная і завезеная з Расіі для рамонту. Аднак
іншай думкі былі правяраючыя і на ўсю партыю немаркіраванага абутку, які аказаўся добрым, наклалі арышт", — гаворыцца ў паведамленні прэс-цэнтра.
Згодна з заканадаўствам, не маркіруецца толькі абутак, які быў ва ўжыванні.
За ўстаноўленыя парушэнні суд прыцягнуў прадпрыемства да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 10 базавых велічынь.
Аляксей Арэшка, БелаПАН