Упершыню за 3 гады ў Беларусі зафіксаванае зніжэнне рэальнай зарплаты

Снежань выйшаў слабым месяцам па росту заробкаў у краіне. Першы раз за 36 месяцаў у адной з абласцей упалі рэальныя заробкі.

file_221.jpg


Рэальная зарплата ў Магілёўскай вобласці па выніках снежня 2021-га скарацілася на 0,5% да ўзроўню 2020 года. Гэта першае падзенне рэальнага заробку ў абласцях і Мінску са снежня 2018 года — тады таксама вызначылася Магілёўшчына, пішуць banki24.by.

Даведачна: рэальная зарплата — гэта намінальная зарплата, адкарэктаваная на змяненне цэн у эканоміцы. Такім чынам, калі рэальны заробак падае, то тэмпы інфляцыі апярэджваюць дынаміку заробкаў.

У 2021 годзе Магілёўская вобласць займала апошнія месцы ў краіне па памеры заробкаў і першыя месцы — па колькасці працоўных гадзін. У цэлым па краіне становішча таксама складанае. За снежань 2021-га рэальная зарплата ў Беларусі вырасла на 2,7% да адзнакі снежня-2020. Гэта другі горшы вынік за апошнія 57 месяцаў. За гэты перыяд меншы прырост рэальнага заробку быў паказаны толькі ў лістападзе 2021 года (+2,6%).

Яшчэ ў першай траціне мінулага года рэальныя заробкі ў краіне маглі расці на 6-7% да 2020-га. Аднак па меры паскарэння інфляцыі рэальныя прыросты істотна зменшыліся. Напрыклад, прырост рэальнай зарплаты ў Мінску за снежань 2021 года склаў усяго 0,5% да ўзроўню снежня 2020-га. Гэта самы нізкі паказчык за 57 месяцаў запар.

Выходзіць, што да канца мінулага года ўздым спажывецкіх коштаў з'еў амаль увесь намінальны рост заробкаў. Інфляцыя ў снежні 2021 года склала 10% да снежня 2020-га. Сярэднегадавыя тэмпы інфляцыі ў 2021-м па Белстаце склалі 9,5%.

Згодна з папраўкамі ў Падатковы кодэкс улады чакаюць сярэднегадавую інфляцыю ў 2022-м на ўзроўні 7,2%. Атрымліваецца, што ў новым годзе прадухіліць далейшае падзенне тэмпаў росту рэальных заробкаў можна за кошт іх намінальнага росту пры запаволенні інфляцыі. Пры гэтым ёсць унутраная супярэчнасць паміж гэтымі мэтамі: залішні разгон заробкаў выклікае паскарэнне росту коштаў, якое абнуляе рэальны прырост заробкаў.

Пры цяперашнім інфляцыйным фоне ва ўсім свеце выйсці на бясконцую спіраль з ростам і наступным абнуленнем росту рэальных заробкаў — лягчэй лёгкага. Дастаткова падвышаць намінальныя заробкі ў моцным адрыве ад індэксаў прадукцыйнасці працы.

Па асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі на 2022 год Нацбанк ставіць мэтай абмежаванне інфляцыі ў 6%. Міжнародныя арганізацыі не ўпэўненыя ў паспяховасці дзеянняў НБРБ. Еўразійскі банк развіцця ў лістападзе спрагназаваў, што інфляцыя ў Беларусі да канца 2022 года складзе 7,4%.