Урад РФ распарадзіўся выдзеліць Беларусі крэдыт да 10 млрд. долараў на будаўніцтва АЭС

Урад РФ распарадзіўся выдзеліць Беларусі крэдыт да 10 млрд. долараў на будаўніцтва атамнай электрастанцыі, гаворыцца ў дакуменце, размешчаным на Афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі Расіі.



1352961391.jpg

"Расійскі бок выдзяляе беларускаму боку дзяржаўны экспартны крэдыт у памеры да 10 млрд. долараў ЗША для фінансавання кошту кожнага дагавора (кантракта) паміж расійскім генеральным падрадчыкам і беларускім замоўцам па пастаўку тавараў, выкананне работ і аказанне паслуг, якія пастаўляюцца, выконваюцца і аказваюцца расійскай упаўнаважанай арганізацыяй у мэтах будаўніцтва двух энергаблокаў на тэрыторыі Беларусі", — гаворыцца ў дакуменце.

Для будаўніцтва АЭС выбраны праект расійскай кампаніі "Атамбудэкспарт", генеральным праекціроўшчыкам і падрадчыкам выступае расійская кампанія ААТ "НІАЭП" — ЗАТ "АСЭ". Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2.400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блоку запланаваны на лістапад 2018 года, другога — на ліпень 2020-га.
Марына Носава, БелаПАН