Ва Украіне вынеслі прысуд за «беларускую схему» гандлю з акупаваным Данбасам

Мінскае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Свет піва» дапамагала кіеўскай кампаніі пастаўляць украінскую прадукцыю на непадкантрольную Украіне тэрыторыю Луганскай і Данецкай абласцей, паведамляе Радыё Свабода.

Прапускны пункт на тэрыторыі, якую кантралюе так званая «ДНР», архіўнае фота

Прапускны пункт на тэрыторыі, якую кантралюе так званая «ДНР», архіўнае фота

Як сцвярджаецца ў судовым выраку дырэктару дэпартаменту камерцыйнай і замежнаэканамічнай дзейнасці ўкраінскай ТАА «Снек Експорт», прадукцыя (чыпсы, семкі, арэхі, піва) пастаўлялася ў Беларусь паводле кантракту з кампаніяй «Свет піва» для «ачышчэння» ўкраінскага паходжання.
Паводле матэрыялаў справы, беларуская кампанія, атрымаўшы прадукцыю з Кіева ці Дняпра, ужо на тэрыторыі Беларусі праводзіла сертыфікацыю і мытнае афармленне. Пасля гэтага прадукцыя ішла ў Расію, а адтуль — на акупаваны Данбас праз зліквідаваныя Украінай мытныя пасты ў Луганскай вобласці.
Следчыя вызначылі, што такая схема паставак украінскай прадукцыі працавала з 2014 года. Што праўда, у судовым рашэнні фігуруюць усяго некалькі кантрактаў, падпісаныя з чэрвеня 2016 да верасня 2017 года на больш як 120 тысячаў долараў. Паводле следства, у выніку гэтых паставак у бюджэт так званай «ЛНР» сплацілі на той момант амаль 1,5 тысячы долараў мыта і такім чынам прафінансавалі дзейнасць тэрарыстычнай арганізацыі.
Украінскаму бізнесоўцу за выкарыстанне такой схемы гандлю з непадкантрольнымі тэрыторыямі Луганскай і Данецкай абласцей пагражала да 10 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць адказныя пасады. Але ён пайшоў на ўгоду са следствам, прызнаўшы віну. У выніку суд прызначыў мяккае пакаранне — 5 месяцаў пазбаўлення волі, якія абвінавачаны ўжо правёў пад вартай у часе дасудовага і судовага следства. Апроч таго, ён мусіць сплаціць 170 тысяч грыўняў штрафу (больш як 6 тысячаў долараў у эквіваленце) і кампенсаваць выдаткі на экспертызы.
ТАА «Снек Експорт» зарэгістраваная ў Кіеве, але фактычна знаходзіцца ў Дняпры. Яна займаецца перапрацоўкай бульбы, рыбнай і мучной прадукцыі, а таксама гандлюе прадуктамі харчавання, напоямі і тытунёвымі вырабамі.
Беларускае ТАА «Свет піва» зарэгістравана ў Мінску і займаецца вытворчасцю і пастаўкамі прадуктаў харчавання і напояў. Раней яно пастаўляла ў Беларусь піва ўкраінскіх вытворцаў. У 2018 годзе супраць мінскай кампаніі Украіна ўвяла санкцыі і забараніла на тры гады супрацу з ёй усім украінскім прадпрыемствам.