Валютная выручка Беларусі працягвае змяншацца

У верасні валютная выручка Беларусі склала 2,48 млрд. долараў, знізіўшыся на 29,9% у параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года. Як сведчаць звесткі Нацбанка, у параўнанні са жніўнем гэтага года валютная выручка ў верасні знізілася амаль на 160 млн. долараў.



yak_rozdobuti_groshyay.jpg

Фота з сайта yak-prosto.com
 Такім чынам, валютная выручка ў верасні знізілася амаль да мінімальнага ўзроўню, які быў зафіксаваны ў лютым гэтага года — 2,3 млрд. долараў. 


Усяго ў студзені—верасні 2015 года валютныя паступленні Беларусі склалі 24,9 млрд. долараў і знізіліся ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам на 24,2%, або амаль на 8 млрд. долараў у грашовым выражэнні. 


Зніжэнне валютнай выручкі абумоўлена галоўным чынам скарачэннем паступленняў ад экспарту тавараў, паслуг і ўнутранага гандлю за валюту. 


Так, у студзені—верасні паступленні ад экспарту тавараў склалі 19,84 млрд. долараў і знізіліся на 6,7 млрд. долараў, выручка ад экспарту паслуг склалася на ўзроўні 4,49 млрд. долараў і скарацілася прыкладна на 0,8 млрд. долараў. Разам з тым паступленні ад унутранага гандлю за валюту склалі 107,1 млн. долараў і зменшыліся больш чым у чатыры разы ў параўнанні са студзенем—вераснем 2014 года. 


Значнае скарачэнне валютнай выручкі Беларусі ад экспарту тавараў эксперты тлумачаць зніжэннем попыту ў Расіі на прадукцыю беларускай вытворчасці. Згодна са звесткамі за студзень—верасень, валютныя паступленні Беларусі з Расіі склалі 9,47 млрд. долараў і знізіліся ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам больш чым на 4 млрд. долараў. 


Пры гэтым паступленні ад экспарту тавараў з Расіі склалі 7,5 млрд. долараў і знізіліся амаль на 3,5 млрд. долараў у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. 


Рэзкае скарачэнне паступленняў ад унутранага гандлю за валюту беларускія эканамісты тлумачаць палітыкай Нацбанка па дэдаларызацыі эканомікі. Нагадаем, вясной гэтага года рэгулятар забараніў выкарыстанне разлікаў у замежнай валюце за турыстычныя і страхавыя паслугі. Адначасова з гэтым была ўстаноўлена забарона на разлікі за паліва на аўтазаправачных станцыях у СКВ. 


У верасні Нацбанк прыняў новыя меры па дэдаларызацыі разлікаў. Згодна з пастановай № 515, якая набыла моц 16 верасня, было забаронена выкарыстоўваць замежную валюту пры ажыццяўленні разлікаў паміж юрыдычнымі асобамі — рэзідэнтамі з удзелам рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон і пры ажыццяўленні разлікаў па асобных відах дагавораў страхавання.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН