Васіль Шлындзікаў: Беларусь расплачваецца за свой выбар

Асноўная праблема беларускіх прадпрыемстваў  іх поўная залежнасць ад расійскага рынку, адсутнасць заходніх інвестыцый.



szlyndzikau.jpg

Статыстычныя зводкі гэтага года канстатуюць устойлівае падзенне вытворчасці беларускіх грузавых аўтамабіляў, трактароў, камбайнаў. Прадпрыемствы машынабудавання пераходзяць на трох-чатырохдзёнку. На думку экс-дырэктара канцэрна «Амкадор» Васіля Шлындзікава, сітуацыя можа толькі пагоршыцца. 
— Наш асноўны рынак машынабудаўнічай прадукцыі — гэта Расія, — кажа Васіль Шлындзікаў. — А ў Расіі, і гэта ўсім зразумела, якая сітуацыя — санкцыі, нафта, што таннее, збядненне ўсіх і ўся. «Крымнаш» сыграў сваю ролю, адыгрывае сваю ролю спроба адхапіць яшчэ кавалак тэрыторыі Украіны, як быццам бы ў Расіі сваёй зямлі мала. А за ўсё трэба плаціць. І за «Крымнаш», і за Данбас. Ну, а паколькі сілай абставін мы прывязаныя да гэтага рынку, то плаціць трэба і нам. За гэты наш выбар. Таму сітуацыя, на мой погляд, будзе толькі пагаршацца».
— Адна з апошніх тэндэнцый — Беларусь павялічвае экспарт у Расію і пры гэтым нясе сур'ёзныя страты праз дэвальвацыю расійскага рубля.
— Гэта само сабой. Але тут ёсць і проціяддзе — перайсці на разлікі з Расіяй у доларах. Але ў гэтым выпадку мы можам страціць і паскораны рынак, бо тым жа расійскім прадпрыемствам долары таксама няма дзе ўзяць. Мяркуючы з прэсы, там ужо праблема з купляй валюты: уводзяцца абмежаванні — у банках няма валюты. А калі так, то мы можам страціць кліентаў. Але, як бы там ні было, трэба ўлічваць фактар дэвальвацыі пры ўкладанні кантрактаў. З тым, каб неяк засцерагчы сябе.
— Сітуацыю ўскладняе і тое, што заходнія інвестыцыі ў Беларусь не ідуць.
— Не ідуць і не пойдуць. Бо ў гэтую эканамічную мадэль ні адзін разважны чалавек на Захадзе не пойдзе. Сюды пойдзе толькі спекулятыўны капітал або той, які набыты няправеднымі метадамі. За кошт той жа нафты, газу, адкатаў і г.д. Мы бачым расійскі капітал з яго гандлёвымі цэнтрамі. Дзякуй Богу, нам хоць цэнтры пабудуюць.
— Выйсце з сітуацыі?
— Выйсце — мяняць эканамічную і палітычную сістэму ў краіне.
ucpb.org